Харватыя прадоўжыць адпраўляць свае танкі M-84 ва Украіну
1- 11.08.2025, 17:28
- 4,312
Кіеў атрымае дзясяткі адзінак мадэрнізаванай тэхнікі.
Украіна, якая ўмела ператварае нават тэхніку з другіх рук у грозную сілу на полі бою, у перспектыве атрымае важкае падмацаванне - 30 танкаў M-84 і столькі ж баявых машын пяхоты M-80A, якія паабяцала перадаць Харватыя, піша The National Interest (пераклад - сайт Charter97.org).
Перадача тэхнікі была ўзгодненая ў кастрычніку мінулага года ў рамках абмену з Нямеччынай. Заграб адпраўляе старыя машыны ў Кіеў, а ўзамен атрымлівае ад Берліна 50 найноўшых Leopard 2A8 з 2027 года.
31 ліпеня ў Харватыю прыбылі першыя два танкі Leopard 2A4HRV - старыя нямецкія мадэлі, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для падрыхтоўкі экіпажаў. Боегатоўнасць яны не забяспечаць, і пакуль невядома, калі M-84 адправяцца ва Украіну.
Паведамлялася, што ў снежні частку M-84 адправілі ў Нямеччыну на мадэрнізацыю перад перадачай Кіеву.
M-84 - югаслаўская ліцэнзійная версія савецкага Т-72М1, прынятая на ўзбраенне ў 1984 годзе. Танкі атрымалі палепшаную сістэму кіравання агнём і ўзмоцненую браню, актыўна выкарыстоўваліся ў войнах на Балканах. Сёння яны застаюцца на ўзбраенні Харватыі, Сербіі, Славеніі, а таксама эксплуатаваліся ў Кувейце і Іраку.
Такім чынам, Кіеву, якому патрабуецца ўсякая даступная бронетэхніка, магчыма, давядзецца яшчэ пачакаць харвацкія M-84.