Калас: Працуем над новымі санкцыямі супраць РФ і ваеннай падтрымкай Украіны
5- 11.08.2025, 21:00
- 4,080
Захад прадаўжае ціснуць на Пуціна.
Краіны Еўрапейскага Звязу працуюць над новымі санкцыямі супраць Расеі і дадатковай ваеннай падтрымкай Украіны.
Пра гэта ў сацсетцы Х паведаміла галоўная дыпламатка ЕЗ Кая Калас.
«Міністры замежных справаў ЕЗ сёння выказалі падтрымку крокам ЗША, накіраваным на дасягненне справядлівага міру», – заявіла яна.
У той самы час, паводле ейных словаў, краіны ЕЗ «працуюць над новымі санкцыямі супраць Расеі, дадатковай ваеннай падтрымкай Украіны і ўзмацненнем дапамогі для патрэбаў бюджэту Украіны і працэсу яе ўступлення ў ЕЗ».
«Трансатлантычнае адзінства, падтрымка Украіны і ціск на Расею – вось як мы закончым гэтую вайну і прадухілім будучую расейскую агрэсію ў Еўропе», – падкрэсліла топ-дыпламатка.
Раней паведамлялася, што кіраўніца дыпламатыі Еўрапейскага Звязу Кая Калас скліча 11 жніўня сустрэчу еўрапейскіх міністраў замежных справаў для абмеркавання наступных крокаў у сувязі з запланаванымі перамовамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна.