ЕЗ дасць Украіне 1,6 млрд еўраў
- 11.08.2025, 21:24
- 1,134
З прыбыткаў ад расейскіх замарожаных актываў.
Еўрапейскі Звяз вылучыць Украіне 1,6 мільярда еўраў, атрыманых з прыбыткаў ад расейскіх замарожаных актываў. Пра гэта паведамілі ў Еўрапейскай Камісіі ў панядзелак, 11 жніўня.
У заяве гаворыцца, што Еўразвяз атрымаў так званыя залішнія прыбыткі ад замарожаных актываў Цэнтральнага банка Расеі ў мінулую пятніцу, 8 жніўня, што ўжо з'яўляецца трэцім пераводам ЕЗ.
У Еўракамісіі адзначылі, што 90% першых двух траншаў даваліся на падтрымку Украіны праз Еўрапейскі фонд міру (EPF), а 10% – праз Ukraine Facility. Аднак пачынаючы з трэцяга траншу 95% паступленняў будзе накіравана на падтрымку Украіны праз Механізм крэдытнага супрацоўніцтва з Украінай (ULCM), а 5% – праз EPF.
Як растлумачылі ў Еўракамісіі, ULCM аказвае дапамогу Украіне для пагашэння крэдытаў ад ЕЗ і іншых двухбаковых крэдытораў. У той самы час EPF дапамагае Украіне задаволіць яе надзённыя вайсковыя і абаронныя запатрабаванні.
ЕЗ разам з краінамі G7 і Аўстраліяй замарозілі блізу $280 млрд расейскіх актываў у выглядзе каштоўных папераў і гатоўкі, пераважна праз бельгійскую клірынгавую палату Euroclear.
Паводле звестак Міністэрства фінансаў ЗША, санкцыі супраць уплывовых расейскіх асобаў дадаткова замарозілі актывы памерам блізу $58 млрд, у тым ліку элітную нерухомасць, яхты і прыватныя самалёты.