Зяленскі: Пуцін рыхтуецца да новых наступаў
9- 11.08.2025, 21:52
- 5,738
РФ не мае намеру спыняць баявыя дзеянні.
Расея не дэманструе ніякіх прыкметаў гатоўнасці да спынення баявых дзеянняў, а наадварот – рыхтуецца да новых наступаў. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін плануе выкарыстаць сустрэчу з ЗША як уласную палітычную перамогу. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым звароце ў панядзелак.
«Сёння я атрымаў даклад ад выведкі і вайсковага камандавання пра рэальныя намеры Крамля. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку да далейшай вайны, а не міру. Пуцін імкнецца толькі падаць сустрэчу з амерыканскім бокам як сваё дасягненне і прадаўжаць агрэсіўныя дзеянні», – падкрэсліў Зяленскі.
Ён адзначыў, што няма ніякіх сігналаў пра падрыхтоўку РФ да пасляваеннага перыяду. «Няма ніводнай прыкметы, што расейцы атрымалі сігналы рыхтавацца да пасляваеннай сітуацыі, пакуль няма. Наадварот, яны перамяшчаюць свае войскі і сілы такім чынам, каб распачаць новыя наступальныя аперацыі. Калі хтосьці рыхтуецца да міру, ён гэтага не робіць», – падкрэсліў прэзідэнт.
Украіна, паводле ягоных словаў, увесь час інфармуе міжнародных партнёраў аб рэальным стане справаў на фронце, ходзе перамоўных працэсаў і планах Расеі.
Зяленскі таксама анансаваў, што ў аўторак, 12 жніўня, будзе прадаўжацца актыўная дыпламатычная праца. «На ўсіх узроўнях мы прадаўжаем узаемадзеянне з ЗША. У працы задзейнічаныя Офіс прэзідэнта, МЗС і ўсе, хто неабходны для дасягнення выніку», – сказаў ён.