Кошты адмовіліся слухацца Лукашэнку
8- 12.08.2025, 9:20
- 11,400
Інфляцыя выйшла з-пад кантролю.
Кошты ў Беларусі не толькі ўрад слухаць не хочуць. Яны яшчэ і традыцыям адмаўляюцца прытрымлівацца. У ліпені гадавая інфляцыя вырасла, нягледзячы на сезоннае зніжэнне кошту гародніны і садавіны. Два з паловай гады коштавага рэгулявання стварылі інфляцыйны навес, які павольна спаўзае проста на галовы, піша planbmedia.io.
Паводле звестак Белстата, інфляцыя ў гадавым вылічэнні на 1 жніўня вырасла да 7,4 адсотка. Месяц таму рост коштаў складаў 7,3 адсотка. Прыбаўка, быццам бы, невялікая. Можна сказаць, нават амаль сімвалічная. Але з улікам сезону яе ў прынцыпе не павінна быць.
Скажам, год таму рост коштаў у гадавым вылічэнні ў ліпені складаў 5,5 адсотка, знізіўшыся ў параўнанні з чэрвенем на 0,3 адсоткавых пункта. Інфляцыя ў месячным вылічэнні тады склала менш чым сімвалічныя тры сотых адсотка.
Таму што ліпень і жнівень - гэта традыцыйны сезон нізкіх коштаў. З аднаго боку – адпачынкі, з другога боку – сезоннае зніжэнне кошту гародніны і садавіны. Скажам, у той жа Расеі ў ліпені гэтага года інфляцыя ў гадавым вылічэнні знізілася да 9,02 адсотка. Прычым два апошнія тыдні месяца ў краіне назіралася дэфляцыя.
А ў Беларусі ніякай дэфляцыі не назіралася. Дзякуючы сезоннаму зніжэнню коштаў прадукты за месяц сапраўды падаражэлі ўсяго на дзве сотых адсотка. Цэны на нехарчовыя тавары выраслі на 0,1 адсотка. Затое паслугі падаражэлі адразу на 0,7. У выніку за месяц цэны выраслі на 0,2 адсотка, дадаўшы да інфляцыі ў гадавым вылічэнні.
Сапраўдным тэстам для беларускай інфляцыі стане жнівень. Таму што ў жніўні сезонныя кошты зніжаюцца больш за ўсё. Традыцыйна жнівень у Беларусі амаль заўсёды быў месяцам, калі інфляцыя змянялася дэфляцыяй.
Але ў гэтым годзе традыцыя можа быць парушаная. У ліпені, са звестак Нацбанка, цэны на сезонную гародніну і садавіну былі на 14,5 адсотка вышэйшыя, чым у ліпені мінулага года. У агульную інфляцыю яны дадалі паўпрацэнта. Год таму сезонныя кошты, наадварот, спрыялі зніжэнню ўзроўню гадавой інфляцыі.
Але сёлета, па-першае, надвор'е падкачала, а па-другое, у беларускай інфляцыі назапасіўся занадта вялікі патэнцыял. І гэты патэнцыял дакладна не дазволіць ёй утрымацца ва ўстаноўленых урадам рамках на 5,5 адсотка.