Жыхары Аляскі выйдуць на пратэсты праз прыезд Пуціна
10- 12.08.2025, 9:18
- 6,502
Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Аляска з Украінай».
У найбуйнейшым горадзе Аляскі — Анкарыджы рыхтуюцца пратэсты праз магчымую сустрэчу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным. Палітычная арганізацыя Stand Up Alaska прызначыла акцыю на чацвер, 14 жніўня, за дзень да саміту, піша The Moscow Times.
Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Аляска з Украінай». «З ухвалы губернатара прэзідэнт Дональд Трамп запрасіў Уладзіміра Пуціна. Мы збіраемся, каб паслаць выразны сігнал як Трампу, так і Пуціну: Аляска рашуча супраць аўтарытарызму», — гаворыцца ў заяве на сайце арганізатараў.
На старонцы Stand Up Alaska ў Facebook утрымліваецца наўпроставы заклік да мясцовых жыхароў выйсці на вуліцы і далучыцца да акцыі: «Далучайцеся да нас у Анкарыджы, Аляска, каб выказаць пратэст супраць прысутнасці міжнароднага ваеннага злачынцы (Уладзіміра Пуціна. — заўв.)».
Раней Дональд Трамп абвясціў, што яго асабістая сустрэча з Пуціным адбудзецца 15 жніўня на Алясцы. Памочнік расейскага кіраўніка Юрый Ушакоў неўзабаве пацвердзіў дату і месца саміту. Паводле звестак Белага дома, аб сустрэчы з прэзідэнтам ЗША папрасіў асабіста Уладзімір Пуцін падчас перамоў са спецпасланнікам Трампа Стывам Уіткафам.