Беларускія памідоры адправяць у космас
7- 12.08.2025, 10:00
- 2,570
Навошта?
Беларускія таматы з Іўя паляцяць у космас. Для чаго насенне надумалі адправіць за межы зямлі, расказалі ў эфіры дзяржаўнай ТВ.
Экспэрымент будуць праводзіць над памідорамі гатунку «Данецкія», яны вельмі папулярныя ў мясцовых. Іх вырошчваюць і цэняць за цёмна-чырвоны колер, мясістасць і насычаны смак, піша tochka.by.
Памідоры з Іўя выбралі зусім не выпадкова. Прадстаўнік Расейскай акадэміі касманаўтыкі родам з гэтага горада. Ён падумаў, што таматы з ягонай малой радзімы, якую ўжо даўно называюць памідорнай сталіцай Беларусі, павінны абавязкова трапіць на борт біяспадарожніка.
Далей трэба было адабраць найлепшае насенне прапанаванага гатунку. Працэс доўжыўся некалькі месяцаў: патрэбныя памідоры выбіралі на агародах у мясцовых жыхароў.
Як распавяла жыхарка Іўя Ірына Велента, чый агарод у выніку і стаў асновай экспэрыменту, насенне дасталася ёй ад свякрухі. Гатунак даволі нізкарослы, непатрабавальны ў адкрытым грунце.
«Цяпер мае памідоры, якія я захавала, стануць прыярытэтам. Спадзяемся, што дзякуючы касмічнай атмасферы яны стануць яшчэ больш прадуктыўнымі», - распавяла Ірына.
Насенне адправяцца ў космас ужо ў сярэдзіне жніўня. Касмічны апарат будзе знаходзіцца на палярнай арбіце, дзе падвышаны ўзровень радыяцыі. Навукоўцы мяркуюць, што гэта можа асаблівым чынам адбіцца на жывых клетках і насенні.
Пасля іх вяртання на зямлю памідоры высадзяць на прышкольным участку мясцовай гімназіі, каб вывучыць, як касмічныя ўмовы паўплывалі на ўсходжасць, рост і ўстойлівасць раслін.