«Цэны ляцяць у космас»
2- 12.08.2025, 10:43
- 7,478
Што адбываецца з нерухомасцю ў Менску?
У Менску працягвае расці сярэдні кошт кватэр. Пры гэтым большасць угод у ліпені былп з аднапакаёвымі кватэрамі. «Кошты аднапакаёўкі ляцяць у космас», — адзначаюць экспэрты агенцтва нерухомасці «Авангард».
У ліпені ў Менску прайшло 1310 здзелак з нерухомасцю - на 3,6% больш, чым у чэрвені. Гэта звесткі на 11 жніўня, але лічба можа змяніцца, бо частка аперацый продажу і куплі жылля яшчэ не прайшла рэгістрацыю. Пры гэтым угоды па дзелях жылля і пакоях не ўлічваюцца ў гэтай статыстыцы.
«Калі параўноўваць з ліпенем мінулага года, то ўгод прайшло менш на 18,7%. Нагадаем, што лета мінулага года было рэкордным у колькасці ўгод у Менску. Праходзіла 1500-1600+ угод штомесяц, - удакладняюць аналітыкі. - Хоць у гэтым годзе паказчыкі ў колькасці ўгод не такія рэкордныя, але гэта ніяк не ўплывае на сярэднюю цану квадратнага метра. Яе рост не спыняецца».
Паводле іх звестак, сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў Менску паводле вынікаў ліпеня склаў 1 793 даляраў за «квадрат». За год кошт вырас на 258 даляраў, або 16,8%.
«У ліпені зноў абноўленыя рэкордныя паказчыкі сярэдняй цаны квадрата ў залежнасці ад колькасці пакояў. Выключэнне толькі 4-пакаёвыя кватэры, - дадаюць аналітыкі. - І без таго высокі кошт у сегменце аднапакаёвых кватэр працягвае расці. Яшчэ +3,4% да паказчыка чэрвеня і рэкордныя 1948 даляраў за квадратны метр. У параўнанні з ліпенем мінулага года кошт вырас на 310 даляраў. Яшчэ трохі і сярэдні кошт квадрата ў аднапакаёўках пераваліць за 2 000 даляраў».
Пры гэтым у ліпені 45% усіх угод прайшло з аднапакаёвымі кватэрамі. Гэта на 2% менш, чым у чэрвені. «Гэтая сітуацыя тыповая для рынку нерухомасці Менска», — звяртаюць увагу ў агенцтве «Авангард» і ўдакладняюць, што ўсе новыя кватэры любой плошчы, у якіх забудоўнік не рабіў перагародак, таксама належаць да аднапакаёвых.
Пры гэтым кошты ў сегменце 2-пакаёвых і 3-пакаёвых кватэр павольна, але ўпэўнена таксама рухаюцца ўверх. У ліпені 1691 даляр (+0,6%) і 1650 даляраў (+4,1%) за метр квадратны адпаведна.
«У параўнанні з ліпенем мінулага года ў абсалютных значэннях кошт вырас на 195 і 276 даляраў. Не так уражліва, як у сегменце 1-пакаёвых кватэр, але таксама вельмі істотна», — адзначаюць аналітыкі.
У сегменце 4-пакаёвых кватэр чарговае значнае падзенне. У ліпені -4,1% ад паказчыка чэрвеня і выніковыя 1511 даляраў за «квадрат». У параўнанні з ліпенем 2024 года кошт квадрата ў сегменце 4-пакаёвых кватэр вырас на 156 даляраў.
Самая дарагая угода ліпеня прайшла ў жылым комплексе «Аквамарын» на вуліцы Філімонава. Кватэра плошчай 118 «квадратаў» была прададзеная за 630 000 даляраў у эквіваленце. Там жа знаходзіцца і самы дарагі квадратны метр – 5 330 даляраў.
Агулам жа ў ліпені больш за 20 угод у Менску прайшло з коштам квадратнага метра вышэй за 3 000 даляраў.