Што адбываецца з амерыканскім курсам у дачыненні да Казахстана?
- 12.08.2025, 16:50
- 2,262
Стабільная амерыканская прысутнасць у Казахстане прынясе стратэгічныя выгады.
Нядаўнія 25-адсоткавыя тарыфы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на імпарт з Казахстана носяць у асноўным сімвалічны характар, закранаючы толькі блізу 4% казахстанскага экспарту ў ЗША - прадукцыю накшталт фосфарных хімікатаў і ферасплаваў.
Асноўныя тавары, такія як нафта, уран і металы, працягваюць пастаўляцца бязмытна, піша The National Interest (пераклад - сайт Charter97.org).
Эканамічнага эфекту для ЗША ці Казахстана амаль няма, аднак захады дэманструюць даўнюю непаслядоўнасць амерыканскай палітыкі ў рэгіёне.
Казахстан - ключавы гулец Цэнтральнай Азіі, багаты энэргарэсурсамі і крытычна важнымі мінераламі, - не раз імкнуўся ўмацаваць сувязі з Вашынгтонам. Аднак стратэгія ЗША для рэгіёна, прынятая ў 2019 годзе, неўзабаве страціла імпульс. На фоне эпізадычных сустрэч і ініцыятыў вакуум запоўнілі Кітай, ЕЗ, Турцыя, Паўднёвая Карэя, Японія, Індыя і краіны Персідскай затокі, нарошчваючы гандаль і інвестыцыі.
Казахстан валодае буйнымі запасамі ўрану, рэдказямельных элементаў, медзі і літыя - рэсурсаў, крытычных для дыверсіфікацыі ланцужкоў паставак і развіцця зялёнай энэргетыкі. Супольныя праекты ў здабычы, перапрацоўцы і аднаўляльнай энэргетыцы могуць умацаваць эканоміку Казахстана і даць ЗША альтэрнатыву кітайскаму імпарту.
Эксперты адзначаюць, што нават сціплая, але стабільная амерыканская прысутнасць, інвестыцыі, рэгулярныя візіты высокапастаўленых чыноўнікаў, здольная прынесці стратэгічныя выгады, умацаваўшы незалежнасць рэгіёна і знізіўшы ўплыў Расеі і Кітая.