Стратэгічны бамбавік ЗША B-1B Lancer прыбыў у Нарвегію
1- 12.08.2025, 17:41
- 2,258
NATO праводзіць супольныя вучэнні.
Стратэгічны бамбавік B-1B ВПС ЗША прыбыў на авіябазу Эрлан у Нарвегіі. Мэта - супольныя вучэнні і павышэнне каардынацыі амерыканскіх экіпажаў з хаўруснікамі па NATO ва ўмовах росту пагроз, піша The National Interest (пераклад - сайт Charter97.org).
Са слоў камандзіра 345-й бамбардзіровачнай эскадрыллі падпалкоўніка Эрыка Альварэса, такія місіі дазваляюць «адпрацоўваць узаемадзеянне ў баявых умовах — у цеснай кааперацыі з хаўруснікамі, умацоўваючы ўзаемны давер і ўзровень боегатоўнасці».
B-1B Lancer – прадукт халоднай вайны, які застаецца адным з ключавых цяжкіх звышгукавых бамбавікоў ЗША. Ён быў распрацаваны ў 1980-я гады кампаніяй North American Rockwell на замову адміністрацыі былога прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана як больш даступная версія ранняга праекту B-1A. Самалёт атрымаў узмоцненую канструкцыю з павялічанай на 74 тысячы фунтаў нагрузкай, удасканалены радар і значна зніжаную радыёлакацыйную прыкметнасць.
За гады эксплуатацыі B-1B прайшоў серыю мадэрнізацый - ад паляпшэння радыёэлектронных сістэм і захадаў супрацьдзеяння да павелічэння баявой нагрузкі і абнаўлення кабіны. Сёння ён здольны несці да 24 крылатых ракет JASSM ці LRASM ва ўнутраных адсеках. Вядуцца работы па ўсталяванню шасці модульных пілонаў, што дасць магчымасць павялічыць узбраенне яшчэ на 12 ракет.
Нягледзячы на ўзрост, B-1B застаецца важным элементам стратэгічнага стрымлівання ЗША і, паводле прагнозаў, будзе ў страі яшчэ многія гады.