Нямецкая кампанія распрацоўвае для УСУ дрон-носьбіт FPV Sparta, які ляціць на 200 км
- 12.08.2025, 19:49
- 3,266
Відэа.
Нямецкая кампанія Quantum Systems распрацоўвае для Сіл абароны Украіны новы беспілотнік-носьбіт пад назвай Sparta, паведамляе Defence Express.
Sparta можа несці розную карысную нагрузку, у тым ліку камеры або іншыя сістэмы, што дазваляе выкарыстоўваць дрон для выведкі.
Асноўныя характарыстыкі дрона
агульная ўзлётная вага - да 23 кг, з якіх 8 кг складаюць два FPV-дроны;
радыус палёту - 200 км;
час знаходжання ў паветры - 6-8 гадзін.

Адзначаецца, што беспілотнік выкананы паводле схемы Крыло і мае V-вобразнае хваставое апярэнне. Абсталяваны электрычным рухавіком і штурхаючай шрубай, ён запускаецца з зямлі з дапамогай кампактнай катапульты.
Сузаснавальнік Quantum Systems Фларыян Зайбель апублікаваў відэа запуску Sparta на LinkedIn, дадаўшы, што ідэя распрацоўкі з'явілася ў красавіку, а ўжо ў ліпені сістэма была гатовая да тэставання. У сваёй нататцы ён таксама выкарыстоўваў хэштэг #madeinUkraine.
Паводле звестак Hartpunkt, серыйная вытворчасць Sparta пачнецца да канца 2025 года, але дакладную колькасць адзінак на першым этапе не ўдакладнілі.
Да гэтага Сілы абароны Украіны пачалі выкарыстанне абноўленай версіі дронаў Vector ад Quantum Systems, абсталяванай гукавымі дэтэктарамі для выяўлення варожай артылерыі.
17 ліпеня абаронныя кампаніі Frontline і Quantum Systems фіналізавалі адну з найбуйнейшых інвестыцыйных угодаў ва ўкраінскім сектары defence tech.
Адзначалася, што прыцягнутае фінансаванне будзе накіраванае на маштабаванне вытворчых магутнасцей і крытычна важных абаронных тэхналогій. Перш за ўсё гаворка ідзе аб вытворчасці дронаў-бамбавальнікаў Лінза і выведвальных дронаў Zoom, абодва распрацаваныя ў рамках праграмы замены кітайскага квадракоптара Mavic, а таксама гранатамётнай турэлі Бура.