«Белавія» абвясціла распродаж квіткоў за паўкошту на ўсе прамыя рэйсы
7- 13.08.2025, 20:52
- 5,542
З Менска, Гомеля, Берасця, Магілёва са зніжкай 50.
«Белавія» абвясціла распродаж квіткоў за паўкошту на ўсе прамыя рэйсы. Пра гэта паведамляе прэс-служба авіякампаніі.
Распродаж квіткоў са зніжкай 50% паводле тарыфу «Прома» ад мінімальна заяўленых тарыфаў будзе дзейнічаць два дні – 13 і 14 жніўня. Спецпрапанова распаўсюджваецца на ўсе прамыя рэйсы, якія выпраўляюцца з Менска, Гомеля, Берасця, Магілёва і ў зваротным кірунку. Пералёт з акцыйнымі квіткамі будзе магчымы ў перыяд з 1 лістапада 2025 года да 28 лютага 2026 года ўключна. Максімальны тэрмін знаходжання ў пункце прызначэння пры набыцці квітка туды-назад складае адзін месяц. Важна адзначыць, што зніжка не распаўсюджваецца на таксы і зборы, а квіткі, набытыя з тарыфам «Прома», з'яўляюцца незваротнымі і не могуць быць абмененыя. Колькасць месцаў, даступных паводле тарыфу «Прома» на кожным рэйсе, абмежаваная.
Пры выкарыстанні акцыйнага квітка неабходна строга выконваць паслядоўнасць маршруту, пачынаючы з першага аэрапорта адпраўлення. У выпадку, калі квіток не быў выкарыстаны на першым адрэзку маршруту, браняванне на ўсе наступныя адрэзкі аўтаматычна анулюецца.
«Напрыклад, калі вы набылі квіток з тарыфам “Прома” па маршруце Менск – Масква – Менск, але надумалі дабрацца да Масквы іншым спосабам, то скарыстацца квітком для зваротнага пералёту ў Менск ужо не атрымаецца. Пры гэтым кошт квітка не будзе вернуты», – растлумачылі ў авіякампаніі.
Таксама варта браць да ўвагі, што да квіткоў, набытых з тарыфам «Прома», не ўжываюцца зніжкі для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 12 гадоў.