Захад прадэманстраваў моц: Тры авіяносцы накіраваныя ў Інда-Ціхаакіянскі рэгіён
1- 13.08.2025, 21:06
- 2,756
ЗША, Вялікая Брытанія і Японія правялі маштабныя супольныя вучэнні.
ЗША, Вялікая Брытанія і Японія правялі маштабныя супольныя вучэнні ля парога Кітая, задзейнічаўшы адразу тры авіяносцы – HMS Prince of Wales, USS George Washington і японскі JS Kaga, а таксама дзясяткі караблёў суправаджэння і знішчальнікаў. Манеўры праходзяць у паўночнай частцы Філіпінскага мора, піша The National Interest (пераклад – сайт Charter97.org).
Акрамя таго, ВМС ЗША накіравалі ўніверсальны дэсантны карабель класу Wasp, які здольны несці знішчальнікі. Пентагон разглядае канцэпцыю ўзмацнення авіяносных магчымасцяў за кошт такіх караблёў са знішчальнікамі F-35.
Авіяносныя аперацыі ўважаюцца за адны з самых складаных у вайсковай справе і патрабуюць высокай зладжанасці. Аб'яднанне трох авіяносцаў з розных краінаў – складаная задача, і менавіта для адпрацоўкі ўзаемадзеяння праводзяцца падобныя маштабныя вучэнні. Як адзначылі ў Каралеўскіх ВПС Вялікай Брытаніі, у манеўрах удзельнічаюць краіны па-за NATO з агульнымі інтарэсамі ў сферы бяспекі, што ўзмацняе глабальную стабільнасць.
HMS Prince of Wales, абсталяваны знішчальнікамі F-35B з скарочаным узлётам і вертыкальнай пасадкай, знаходзіцца ў доўгім сусветным паходзе, дэманструючы магчымасці сваіх авіяносных ударных групаў. У час вучэнняў карабель папаўняў запасы паліва і правізіі ў моры пры падтрымцы брытанскіх і амерыканскіх караблёў забеспячэння.
Вучэнні супалі з інцыдэнтам у ВМС Кітая: ваенны карабель сутыкнуўся з кітайскім караблём берагавой аховы, сур'ёзна пашкодзіўшы яго насавую частку. Падзея стала прыкметнай падставай для нарошчвання заходняй ваеннай прысутнасці ў рэгіёне, дзе Кітай актыўна дэманструе свае амбіцыі.