Белгідрамет назваў рэгіён, дзе клімат стаў «італійскім»
8- 14.08.2025, 20:01
- 20,806
Беларусаў заклікалі адаптавацца да «не проста пацяплення».
Першая намесніца начальніка Белгідрамета Святлана Кузьміч расказала, што ў Беларусі каторы год адчуваюцца змены клімату ў бок яго пацяплення. Але праблема нават не ў больш высокай сярэдняй тэмпературы, а экстрэмальных з'явах надвор'я, што сталі часцей сустракацца ў краіне, піша Telegraf.news.
«Тое, што адбываецца цяпер, не проста пацяпленне. Гаворка пра неаднастайнасці і экстрэмальнасць з'яў надвор'я. Паўднёвыя цыклоны, якія сталі сёння асабліва частымі, нясуць вялікую колькасць вільгаці і, адпаведна, усё, што звязана з гэтым — навальніцы, град, парывы ветру, якія таксама пачасціліся», — заявіла Святлана Кузьміч.
Са слоў прадстаўніцы ўстановы наждвор’я Беларусі, Віцебская вобласць ужо страчвае статус паўночнага рэгіёна краіны з-за сур'ёзнага пацяплення. Святлана Кузьміч параўнала клімат у Берасцейкай вобласці з італійскім.
«Бахчавыя, абрыкосы паспяхова вырошчваюць на поўдні краіны. Але спадарожнае ім цяпло ўжо рухаецца і на поўнач. Але змены адбываюцца вельмі хутка, бо мы маем справу хутчэй з антрапагенным уплывам, чым прыродным. Пацяпленне адбіваецца на раставанні леднікоў, якое назіраецца з пачатку 2000-х. Гэта ўплывае на рост паўнаводнасці рэк, а тыя, у сваю чаргу, — на павелічэнне колькасці ападкаў», — патлумачыла экспэртка.
У Белгідрамеце таксама заявілі, што ўсім беларусам і беларускім кампаніям, дзяржарганізацыям трэба адаптавацца да новага клімату і не толькі спадзявацца на ўмовы папярэджання.
«Цяпер прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў выдатна разумеюць, што нават калі Белгідрамет паведаміў за дзень пра шквалістыя ўзмацненні ветру, то прыроду назад не павернеш», — заявіла Святлана Кузьміч, удакладніўшы, што ўсе павінны самі мяняць і нормы будаўніцтва, каб не зносіла дахі, і меры рэагавання адпаведных службаў.
Пры гэтым намесніца начальніка прызнала, што праз санкцыі Белгідрамет адчувае недахоп інфармацыі з поўдня і заходніх краін. З-за чаго арганізацыі давялося развіваць сваю тэхнічную і вылічальную базу.
«Мадэрнізацыя лакальнай вылічальнай сеткі на гэтым этапе - гэта той стрымальны фактар, які можа ўплываць на аператыўнасць працы, а значыць, і на якасць. Сродкі выдзеленыя, і мы спадзяемся закончыць праект у гэтым годзе», — запэўніла Святлана Кузьміч.