Краіны Балтыі выступілі з папярэджаннем напярэдадні саміту на Алясцы
2- 14.08.2025, 16:20
- 2,980
Расея разумее толькі мову сілы.
Кіраўнікі МЗС дзяржаў Балтыі перад сустрэчай лідараў ЗША і РФ на Алясцы наконт расейска-ўкраінскай вайны апублікавалі супольную калонку, дзе перасцерагаюць ад усякага прымірэння з «часовай» акупацыяй часткі тэрыторыі Украіны і нагадваюць аб сваім досведзе, такая супольная калонка міністраў выйшла ў Financial Times.
Суаўтарамі публікацыі сталі міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкна, кіраўніца МЗС Латвіі Байба Бражэ і іх літоўскі калега Кястуціс Будрыс.
«З набліжэннем важнага саміту ЗША і РФ на Алясцы пачаліся спекуляцыі аб магчымасці «абмену тэрыторыямі» паміж Украінай і Расеяй. Гучалі сцвярджэнні, што акупацыя частак тэрыторыі Украіны будзе «толькі часовай» і «толькі дэ-факта», што пакідае надзею на іх вяртанне ва Украіну ў будучыні... Але краіны Балтыі ведаюць, што такое «толькі дэ-факта» расейская акупацыя і што «часова» можа азначаць паўстагоддзя».
Міністры нагадалі гістарычныя абставіны, пры якіх іх краіны апынуліся ў «сферы ўплыву» СССР на змову Сталіна і Гітлера, апынуліся пад акупацыяй і перажылі масавыя рэпрэсіі з боку абодвух рэжымаў па чарзе.
Яны адзначылі, што хаця многія дзяржавы Захаду ніколі не прызналі савецкую анэксію іх дзяржаў, прынамсі, дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЗША, гэта ніяк не абараняла шэсць мільёнаў літоўцаў, латвійцаў і эстонцаў ад усяго, што несла за сабой акупацыя - дэпартацый, рэпрэсій, саветызацыі і русіфікацыі, маштабнага кантролю дзяржавы за ўсімі сферамі жыцця.
«Цяпер шэсць мільёнаў украінскіх грамадзян жывуць пад расейскай акупацыяй у рэгіёнах, якія Расея захапіла сілай. Тыя, каму ўдалося ўцячы, распавядаюць пра катаванні, зняволенне, маштабны нагляд, прапаганду і іншыя жорсткія напаміны пра савецкія часы», – адзначылі міністры.
Таксама яны нагадалі, што амаль 300 тысяч украінцаў дагэтуль застаюцца ў неакупаваных раёнах Данецкай вобласці, і блізу мільёна - на неакупаваных тэрыторыях Запарожжа і Херсоншчыны.
«Падтрымаць ідэю абмену землямі дзеля далікатнага міру - гэта паўтарэнне мінулага і «запрашэнне» да паўтарэння самых цёмных старонак гісторыі. Планы Пуціна не змяніліся. Адзіны надзейны шлях да ўстойлівага міру - гэта праз сілу: непахіснае трансатлантычнае адзінства, каб ціснуць на Расею, максімальную падтрымку Украіны, каб яна магла абараняць сваіх людзей і тэрыторыю, і глыбокія і сталыя інвестыцыі ў нашу ўласную абарону. Тады агрэсія Масквы сустрэнецца з адзінай мовай, якую яна разумее», – рэзюмуюць міністры.