Снайпер УСУ пад Пакроўскам здзейсніў гістарычны стрэл
6- 15.08.2025, 17:40
- 15,038
Такога яшчэ не рабіў ніхто ў свеце.
Вайсковец УСУ, журналіст Юрый Бутусаў апублікаваў кадры ўнікальнага стрэлу, здзейсненага на Пакроўскім кірунку абароны. Паводле ягоных словаў, 14 жніўня 2025 года ўкраінскі снайпер знішчыў двух расейскіх акупантаў з неверагоднай дыстанцыі – 4000 метраў. Куля ўвайшла проста ў акно будынка, за якім хаваліся ворагі.
Відэа Бутусаў апублікаваў на сваім канале ў Telegram, піша dialog.ua.
Параза была дасягнутая з дапамогай штучнага інтэлекту, пад кіраваннем комплексу беспілотнікаў. Стрэл зроблены са снайперскай вінтоўкі калібру 14,5 мм Aligator.
Рэкорднае траплянне адбылося ў зоне адказнасці АТУ «Данецк» на мяжы Пакроўск – Мірнаград. Тут дзейнічае зводны снайперскі атрад «Прывід», які складаецца з васьмі ўзводаў, што выконваюць спецыяльныя задачы ў складзе падраздзяленняў Сухапутных войскаў Украіны.
Эфектыўнасць гэтай групы ўражвае: толькі за апошні год абароны гэтага кірунку снайперы знішчылі амаль тысячу расейскіх вайскоўцаў.
Адзначаецца, што папярэдні сусветны рэкорд таксама належаў украінскаму байцу. У лістападзе 2023 года на Херсоншчыне снайпер СБУ Вячаслаў Кавальскі, якому тады было 58 гадоў, падбіў ворага з адлегласці 3800 метраў. Тады выкарыстоўвалася мультыкаліберная вінтоўка ўкраінскай вытворчасці Horizon's Lord.