10 снежня 2025, Серада, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп перадаў Пуціну ліст ад Мелані аб выкрадзеных украінскіх дзецях

7
Трамп перадаў Пуціну ліст ад Мелані аб выкрадзеных украінскіх дзецях

Чыноўнікі не хацелі раскрываць змест ліста.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на Алясцы перадаў яму ліст ад сваёй жонкі Мелані.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Паводле звестак выдання, першая лэдзі ЗША ў лісце закранула тэму становішча дзяцей ва Украіне і Расеі.

«Чыноўнікі не хацелі выдаваць змест ліста, акрамя таго, што ў ім згадвалася аб выкраданні дзяцей у выніку вайны ва Украіне. Аб існаванні ліста раней не паведамлялася», - піша Reuters.

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскія ўлады пачалі масавую кампанію прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расею. Акупанты адбіралі дзяцей у сем'яў, каб потым іх маглі незаконна ўсынавіць расейцы.

Менавіта дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей стала прычынай для выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Многіх вывезеных з Украіны дзяцей незаконна перадаюць у прыёмныя сем'і або змяшчаюць у дзіцячыя дамы, паведамляў украінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец. Паводле звестак Управы вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (UNHCR), з пачатку вайны супраць Украіны РФ прычыніла пакуты мільёнам украінскіх дзяцей і парушыла іх правы.

Вашынгтон меў намер згарнуць праграму пошуку ўкраінскіх дзяцей у РФ

19 сакавіка адміністрацыя Дональда Трампа згарнула праграму адсочвання прымусова вывезеных у Расею ўкраінскіх дзяцей, у рамках якой вяліся іх пошукі і збіраліся іншыя сведчанні меркаваных злачынстваў расейскіх войск ва Украіне. Гэтая пастанова азначала страту доступу да вялікіх аб'ёмаў інфармацыі, якія ўключаюць спадарожнікавыя здымкі і біяметрычныя звесткі амаль 30 тысяч украінскіх дзяцей, выкрадзеных з Украіны, паведамляла агенцтва Reuters.

Аднак праз восем дзён на фоне публікацый у СМІ Белы дом скасаваў сваю пастанову аб згортванні амерыканскай ініцыятывы па дакументаванні меркаваных ваенных злачынстваў Расеі, напрыклад, выпадкаў незаконнага вывазу з Украіны дзяцей на тэрыторыю РФ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках