У Варшаве прайшоў грандыёзны парад у Дзень Войска Польскага
- 16.08.2025, 12:14
- 3,842
Упершыню ў гісторыі да традыцыйнага вайсковага парада дабаўлена марская калона.
На Вісластрадзе ў Варшаве прайшоў парад з нагоды Дня Войска Польскага. У мерапрыемстве бяруць удзел больш за 4000 жаўнераў усіх родаў войск УС Польшчы. Таксама там прадэманструюць амаль 50 паветраных суднаў і 300 адзінак сучаснага абсталявання, якое знаходзіцца на ўзбраенні польскага войска, паведамляе «Польскае радыё».
Сёлета ўпершыню парад на зямлі і ў паветры дапоўнены марскім складнікам - караблі Вайскова-марскіх сіл возьмуць удзел у паралельным марскім парадзе, які праходзіць на Балтыйскім моры недалёка ад Хеля.
Pamięć o tych, dzięki którym możemy żyć w wolnej i suwerennej Polsce jest naszym obowiązkiem. W dniu Święta Wojska Polskiego, składając wieńce w miejscach pamięci, m. in. przed pomnikiem ku czci poległych weteranów misji Wojska Polskiego, tablicą upamiętniającą gen. T.… pic.twitter.com/APJURFuXgY
— Władysław Kosiniak-Kamysz (@KosiniakKamysz) August 15, 2025
Прэзідэнт Караль Наўроцкі ў публікацыі ў сацыяльных сетках адзначыў значэнне Варшаўскай бітвы. Ён падкрэсліў удзел украінцаў, якія разам з польскімі сіламі змагаліся супраць Чырвонай арміі. Прэзідэнт дадаў, што расейскі імперыялізм стагоддзямі пагражае свабодзе грамадзян іншых краін.
«Польская палітычная традыцыя вучыць, што расейскі экспансіянізм заснаваны на спадчыне ўнутранага дэспатызму, дзе адзіным свабодным чалавекам з'яўляецца сам кіраўнік», - напісаў прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што расейскі імперыялізм можна перамагчы толькі саюзам свабодных людзей.
Караль Наўроцкі запрасіў усіх, хто шануе свабоду, далучыцца да палякаў, якія адзначаюць спыненне расейскага дэспатызму і абарону свабоды.
«Менавіта таму мы ніколі не паддадзімся расейскаму імперыялізму, і таму мы сёння на баку Украіны, якая абараняе сваю свабоду - каб зрабіць Еўропу цэлай, свабоднай і зноў устанавіць у ёй мір. Расея не непераможная. Расею можна спыніць», - падкрэсліў прэзідэнт.
Старшыня парламенцкага камітэта ў замежных справах Павел Коваль правёў сімвалічную паралель з тым, што сёння, у дзень паражэння расейскіх войск пад Варшавай, Трамп і Пуцін сустракаюцца на Алясцы.
«Дзякуй Богу, што сустрэча на Алясцы 15 жніўня. Расейцы пераканалі паўсвету, што «яны заўсёды перамагаюць». А тут акурат гадавіна вялікай паразы расейцаў ад палякаў у 1920 годзе. Нашымі хаўруснікамі ў той вайне з Расеяй (1919–1921) былі, сярод іншых, Францыя, Украіна, свабодная Беларусь, Латвія, Вугоршчына і Румынія. Спадзяюся, гэтыя факты стануць здабыткам грамадскасці», - напісаў ён.
Тым часам у польскай сталіцы скончылася ўрачыстая змена ганаровай варты ля Магілы Невядомага Жаўнера на плошчы Юзэфа Пілсудскага. Ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Узброеных Сіл Польшчы ўзялі ўдзел, сярод іншых, прэзідэнт Караль Наўроцкі, спікер Сейма Шымон Галоўня і віцэ-прэм'ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Разам з прадстаўнікамі войска палітыкі ўсклалі вянок ад Народа ля Магілы Невядомага Жаўнера.
GROM - jesteście urodzonymi zwycięzcami! 🇵🇱 pic.twitter.com/SUFpGbjzmG
— Donald Tusk (@donaldtusk) August 15, 2025
Потым прэзідэнт усклаў вянкі ля Помніка ахвярам Смаленскай катастрофы і ля помніка прэзідэнту Леху Качыньскаму. У канцы памятнага мерапрыемства прэзідэнт разам з кіраўніком Мінабароны і спікерам Сейма, а таксама прадстаўнікамі польскага войска ўсклалі вянок ля помніка Юзэфу Пілсудскаму.






Дзень Узброеных Сіл Польшчы адзначаецца ў гадавіну Варшаўскай бітвы 1920 года, якая вызначыла фінал польска-бальшавіцкай вайны. Бітва адбылася на подступах да Варшавы і скончылася перамогай Польшчы.