Сенатар Грэм: Вайна ва Украіне скончыцца яшчэ да Калядаў
18- 16.08.2025, 14:18
- 9,416
Але ёсць адна ўмова.
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм прадказаў, што расейска-ўкраінская вайна можа скончыцца да Калядаў, але толькі ў тым выпадку, калі адбудзецца трохбаковая сустрэча паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
«Не памыляйцеся, гэтая вайна - агрэсіўная вайна Пуціна супраць Украіны. Аднак я заўсёды казаў, што Украіна не выганіць усіх расейскіх жаўнераў, а Пуцін не захопіць Кіеў», - цытуе Грэма The Hill.
Ён падкрэсліў, што ключ да годнага і справядлівага заканчэння гэтай вайны - стварэнне «інфраструктуры стрымлівання», якую не змаглі стварыць Байдэн і Абама, каб прадухіліць новае ўварванне РФ.
«Калі трохбаковая сустрэча паміж прэзідэнтам Трампам, прэзідэнтам Зяленскім і Пуціным сапраўды адбудзецца, то я з асцярожным аптымізмам гляджу на тое, што гэтая вайна скончыцца задоўга да Калядаў», – прадказаў Грэм.
Ён таксама выказаў меркаванне, што, калі патэнцыйная трохбаковая сустрэча не адбудзецца, Трампу, «магчыма, давядзецца пайсці ва-банк, каб пакараць тых, хто набывае танную расейскую нафту і газ, падтрымліваючы вайсковую машыну Пуціна».
Ён таксама прагназуе, што абмен тэрыторыямі, магчыма, стане часткай усякай пасярэдніцкай угоды.
Рэклама
«Будзе абмен тэрыторыямі. Выселіць усіх расейцаў немагчыма, але ўкраінцы падпішуць гэтую ўгоду, а не ЗША. Украіна ўкладзе гэтую ўгоду, і Трамп пакладзе канец гэтай вайне. Я ніколі не быў такі аптымістычны, як зараз», - заявіў ён.