Трамп распавёў Зяленскаму аб патрабаваннях Пуціна
10- 16.08.2025, 17:22
- 13,556
Раней прэзідэнт Украіны з імі не пагадзіўся.
Уладзімір Пуцін не змяніў сваёй пазіцыі ў тэрытарыяльным пытанні ва Украіне, блізу 20% тэрыторыі якой ягонае войска акупавала за 3,5 гады вайны. Ён па-ранейшаму хоча, каб Украіна аддала яму тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, якія знаходзяцца пад кантролем расейскага войска, распавёў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп еўрапейскім лідарам і Уладзіміру Зяленскаму паводле вынікаў перамоў на Алясцы.
Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на людзей, знаёмых са зместам тэлефоннай размовы хаўруснікаў. Такое ж патрабаванне Крамля агучыў спецпасланнік Трампа Стыў Уіткоф пасля апошняй размовы з Пуціным, паводле вынікаў якой Трамп наважыў сустрэцца з расейскім лідарам асабіста. Пры гэтым заставаліся незразумелымі планы Расеі адносна Херсонскай і Запарожскай абласцей, значныя часткі якіх яна не кантралюе.
Масква не будзе патрабаваць перадаць ёй неакупаваныя раёны гэтых двух паўднёвых абласцей, гэта значыць лінія фронту ля іх фактычна будзе замарожаная, распавялі крыніцы Bloomberg пасля размовы Трампа з еўрапейскімі лідарамі.
Зяленскі раней выключыў перадачу Расеі неакупаваных раёнаў Данбаса, у тым ліку таму, што тады яна атрымала б магутныя лініі абароны, узведзеныя там яшчэ ў перыяд з 2014 года. А рэгіёны, якія мяжуюць з Данбасам, такія як Днепрапятроўская вобласць, аказаліся б безабароннымі ў выпадку новага расейскага наступу. Акрамя таго, пад кантролем Кіева ў Данецкай вобласці застаюцца некалькі буйных гарадоў, перш за ўсё прамысловыя цэнтры Славянск і Краматорск. А Пакроўск, які расейскае войска спрабуе захапіць ужо год, з'яўляецца цэнтральным вузлом забеспячэння частак УСУ, якія абараняюць Данбас.