Трамп кліча еўрапейскіх лідараў у Вашынгтон
16- 16.08.2025, 19:21
- 8,502
Разам з Зяленскім.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў еўрапейскім лідарам прыехаць сустрэцца з ім разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 18 жніўня, паведамляе The New York Times са спасылкай на чыноўнікаў, якія размаўлялі на ўмовах ананімнасці.
Акрамя таго, паводле звестак NYT, Трамп падтрымаў план расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна па ўсёабдымнай мірнай дамове, заснаванай на перадачы Украінай неакупаванай тэрыторыі Данбаса Расеі.
Гэта супярэчыць стратэгіі, пра якую Трамп і еўрапейскія хаўруснікі, а таксама Зяленскі дамовіліся перад самітам ЗША і Расеі на Алясцы. У ЕЗ холадна адрэагавалі на змену пазіцыі прэзідэнта ЗША пасля перамоў з расейскім дыктатарам.
Журналіст Барак Равід на сваёй старонцы ў сацсетцы X паведаміў, што Пуцін прапанаваў Трампу замарозіць фронт у Запарожскай і Херсонскай абласцях у абмен на вывад украінскіх войскаў з Данецкай вобласці.