Метро Менска пераходзіць на зімовы рэжым працы
1- 19.08.2025, 16:10
- 1,586
Як зменіцца расклад?
Менскі метрапалітэн рыхтуецца ў канцы жніўня перайсці на зімовы рэжым працы, паведамілі на сайце падземкі.
Згодна з новым раскладам, у ранішнія гадзіны пік (з 07:00 да 09:00) цягнікі на першай і другой лініях будуць хадзіць з інтэрвалам дзве хвіліны. У вечаровы найбольш загружаны час (з 17:00 да 19:00, у пятніцу – з 16:00 да 18:30) перапынак паміж цягнікамі будзе дзве з паловай хвіліны.
Улетку чакаць даводзіцца на паўхвіліны даўжэй.
На зялёнай галінцы ў гэтыя часовыя адрэзкі інтэрвал паміж цягнікамі складзе пяць хвілінаў.
Расклад руху метро да 06:00 і пасля 23:00 можна знайсці на станцыях – каля касаў і на тарцах платформаў.
Адкрытая падземка для прыёму пасажыраў з 05:30 да 00:40.
Вестыбюль № 1 станцыі «Купалаўская» (уваход з боку вуліцы К. Маркса) даступны з 07:00 да 21:00.