Навошта Лукашэнку выклікалі на валаамскі спектакль?
24- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 2.08.2025, 18:11
- 50,958
Неадэкватнага дыктатара выпусцілі "да мікрафона" з пэўнай мэтай.
1 жніўня Лукашэнка паехаў ў Расею. Ужо ў дарозе ягоная прэс-служба ўдакладніла, што канчатковая мэта паездкі — востраў Валаам, дзе ён неаднаразова сустракаўся з Пуціным.
Як ужо не раз было з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, сустрэча кіраўнікоў была скарыстаная для запалохвання Захаду ў фармаце «гутаркі на дваіх».
Як правіла, Лукашэнку ў такіх імправізаваных выхадах да мікрафона адводзіцца роля чалавека, які не саромеецца казаць услых тое, пра што думае Пуцін.
На гэты раз пачаў крамлёўскі кіраўнік. І пачаў з фактычных пагроз у бок Захаду:
— У нас зроблены першы серыйны комплекс “Арэшнік”. Першая серыйная ракета. І яна паступіла ў войска. Цяпер серыя працуе.
Афіцыёз ужо паведаміў, што абодва бакі пацвердзілі планы ў пастаўцы "Арэшніка" ў Беларусь да канца года. Для тых, хто забыўся, нагадаем: Лукашэнка асабіста папрасіў Пуціна пра гэта ў снежні 2024-га, уласнаручна намаляваўшы тым самым на мапе краіны тоўстую мішэнь.
Чарговае размахванне “Арэшнікам” у наваколлі храмаў і крыжоў здарылася на фоне ўльтыматума Трампа, які мінае днямі. Што і паспяшаўся падкрэсліць Лукашэнка, які досыць бязладна раскрытыкаваў дзеянні Вашынгтона:
- Я памятаю нашы хваляванні, каб ён перамог і гэтак далей. Там 50, 60, 10 дзён. Гэта таксама так палітыка ня робіцца. Калі ён не жадае, то ён павінен далучацца акуратна, грунтоўна. Гэтае ваеннае сутыкненне і ўказаць там не атрымаецца, тым больш ядравай дзяржаве.
Абодва шмат казалі пра неабходнасць спыніць “небяспечную эскалацыю” (Лукашэнка ўзгадаў упрыгожаны налепкамі на ўкраінскай мове дрон) і “публічнае нагнятанне”.
Закранулі кіраўнікі і тэму абвінавачанняў у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей, цынічна адзначыўшы, што "іх у такой колькасці і не было", і ўвогуле гаворка нібыта пра бепрытульных дзяцей, якіх проста "накармілі і апранулі".
Меркавана, платай за валаамскі спектакль госцю з Менска была тэма магчымых перамоваў на беларускай тэрыторыі. Гаварылася пра гэта без асаблівай надзеі, але шмат:
- Ну не падабаецца Беларусь, ну добра, мы з Уладзімірам Уладзіміравічам абмяркоўвалі, ды хоць на Месяц, куды заўгодна. Але трэба садзіцца за стол перамоваў гаварыць, а не кідаць камяні адзін ў другога.
Яшчэ адна асаблівасць - Лукашэнка асвяжыў амплуа “тлумачальніка Пуціна”. Магчыма, афіцыйны Менск паспрабуе выкарыстаць гэта ў чарговым раўндзе перамоваў з ЗША.
Кірыл Іваноў, "Салідарнасць"