«Інвалід выйшаў на мосце, а мы паехалі далей»
3- 20.08.2025, 9:19
- 7,906
Колькі каштуюць паслугі «прыярытэтнікаў» на беларуска-польскай мяжы і ці ёсць сэнс ад скаргаў?
На беларуска-польскай мяжы з'явіўся новы тып бізнэсу. Прадпрымальныя беларусы за грошы прапануюць праехаць да шлагбаўма без чаргі - яны садзяць да сябе ў аўтамабіль людзей з інваліднасцю або пасажыраў з дзецьмі да трох гадоў, якія маюць права на прыярытэтны праезд.
Партал Hrodna.life паразмаўляў з гарадзенкай, якая скарысталася такой паслугай, а таксама вывучыў прыгранічныя чаты: колькі гатовы плаціць людзі за такія паслугі і наколькі яны запатрабаваныя.
Паслугі «прыярытэтнікаў» карыстаюцца попытам - чэргі на мяжы працягваюць біць рэкорды. Паводле звестак Памежкамітэта, на 8.00 20 жніўня ў электроннай чарзе на выезд у Польшчу стаялі 4640 легкавых аўтамабіляў і 140 аўтобусаў. Вакол новай схемы ўжо сфармаваўся цэлы рынак: пасярэднікі прапануюць свае паслугі, а людзі ў чатах дзеляцца коштамі і досведам.
«Цяпер усё распісанае, але пастараюцца дапамагчы»
Дар'я (імя змененае) зарэгістравалася ў электроннай чарзе яшчэ на мінулым тыдні. Дзяўчына кажа, што планавала перасячы мяжу ў звычайным парадку і без пасярэднікаў. Але, калі праманіторыла чаргу, зразумела - ёсць рызыка не паспець прыбыць у Польшчу ў патрэбны час. Тады гарадзенка і надумала скарыстацца паслугамі чалавека з інваліднасцю і бацькоў з маленькімі дзецьмі. Дзяўчына кажа, што праблем з гэтым зараз няма: такія прапановы можна лёгка знайсці ў профільных чатах (праўда, выданню так і не ўдалося знайсці такіх аб'яваў). Але ў выпадку Дар'і было яшчэ прасцей.
- У мяне ёсць знаёмыя, якія раней перасякалі мяжу пры дапамозе інвалідаў. Мне далі кантакты такіх перавозчыкаў. Я патэлефанавала, расказала, калі мне трэба быць у Польшчы…Мне адказалі, што зараз усё распісана, але пастараюцца мне дапамагчы.
Суправаджаючага з прыярытэтам чалавека Дар'і знайшлі ў той жа дзень. Гэта быў інвалід першай групы. Мужчына падсеў да іх у аўтамабіль на мяжы. Беларусы абмінулі чаргу і адразу пад'ехалі да шлагбаўма. На праходжанне мяжы спатрэбілася блізу пяці гадзін.
- Інвалід выйшаў на мосце, а мы паехалі далей, - кажа гарадзенка.
Колькі каштавала такое суправаджэнне, Дар'я не сказала. Дзяўчына ў якасці прыкладу прыводзіць сярэднія расцэнкі за такія паслугі і кажа, што яны залежаць ад колькасці аўтамабіляў у чарзе і «як дамовіцеся з пасярэднікам».
- Як правіла, цэны стартуюць ад 100 еўраў. Але гэта калі аўтамабіляў у чарзе блізу 1000. Калі больш, значыць, і кошты паслугі растуць. Як правіла, прапарцыйна. Цяпер у чарзе больш за 4000 аўто, таму тарыфы падняліся, вядома.
«Знаёмым зарадзілі 500 еўраў»
Карыстальнікі прыгранічных чатаў актыўна абмяркоўваюць тое, што адбываецца (арфаграфія і пунктуацыя аўтараў тут і далей змененая).
«Фактычна, гэта гандаль людзьмі. Гэтых інвалідаў падсаджвае банда. Інваліды за гэта атрымліваюць капейкі, я ўпэўненая. З вас бяруць 200-300 еўраў, у залежнасці ад абстаноўкі на мяжы. Мне прапаноўвалі за 200, калі была чарга на два дні. Прычым яны абсалютна спакойна падыходзяць да аўто, якія пад'язджаюць на рэгістрацыю», — піша адна з удзельніц чата.
Аўтарка паведамлення перакананая, што «ў гэтых хлопцаў добры дах», бо аб праблеме ведаюць, але ніхто не спяшаецца яе развязваць.
«Калі палічыць даход, то гэта больш за мільён еўраў за месяц цяпер», – робіць высновы карыстальніца.
«Чарга круціцца, лавэха каламуціцца», – жартуе ў адказ удзельнік чата.
«Знаёмым зарадзілі 500 еўраў», - напісаў яшчэ адзін карыстач.
Праўда, аўтар паведамлення не ўдакладніў, за што менавіта. Бо, як тлумачаць у чатах, «прымежныя» прадпрымальнікі працуюць паводле дзвюх схем:
«Ёсць тыя, хто інвалідаў падсаджвае. Ёсць тыя, хто з інвалідам таксуе, беручы па 100-200 еўраў за перавоз праз мост».
У чалавека з прыярытэтам візы можа і не быць. На беларускім баку ў яго не правяраюць падставы для перасячэння польскай мяжы. А да яе ён не даязджае: выходзіць з аўто пасля беларускага кантролю на мосце і на спадарожных аўто вяртаецца дадому.
Беларусы пішуць скаргі
Дарэчы, беларусы не толькі актыўна каментуюць тое, што адбываецца на мяжы, але і адпраўляюць скаргі ў кампетэнтныя органы. У сваіх зваротах яны прапануюць «абмежаваць ільготнікам праезд па прыярытэце адзін раз на месяц», а пры неабходнасці ездзіць часцей - у «індывідуальным парадку атрымліваць дазвол у ДПК». А з улікам таго, што ёсць электронная чарга, - і зусім касаваць прыярытэтны праезд.
Адзін з карыстальнікаў, дарэчы, ужо атрымаў адказ на зварот:
«Патэлефанавалі наконт звароту з Памежкамітэта. Сказалі, ведаюць праблему, працуюць, правяраць візы няма паўнамоцтваў. Параілі ўсё гэта ж напісаць у АБЭЗ, падатковую, міліцыю. Гэта іх наўпроставы абавязак выяўляць «прыярытэтнікаў».
«Развярнулі матацыкл і бус са льготнікамі»
Скаргі ўсё ж, мусіць, падзейнічалі. На паведамленні некаторых карыстальнікаў у чатах стала вядома, што беларускія памежнікі сталі адпраўляць назад у Беларусь аўтамабілі, адкуль выходзілі людзі з інваліднасцю:
«Што ні кажы, але шквал скарг такі ссунуў сітуацыю з мёртвага пункта. З аднаго боку пачалі ганяць, другія, відаць, надумалі пачаць працаваць крыху больш актыўна»
«Мы сёння пераехалі мост прыкладна аб 11. Пагранічнік размаўляў з дзяўчынай з дзіцем, якія стаялі на мосце».
«Развярнулі матацыкл і бус з ільготнікам».
Але некаторыя мяркуюць, што гэтыя захады часовыя і такі «бізнэс» будзе перыядычна з'яўляцца на мяжы:
«Так, здымаць неяк трэба і выкладваць, а то сёння іх прыціснулі крыху, заўтра ўсё ўляжацца і зноў павыпаўзаюць гэтыя «таляны» і яжмамкі з інвалідамі».