У Польшчы паведамляюць аб падзенні і выбуху на полі невядомага аб'екта
5- 20.08.2025, 10:18
- 8,086
Непадалёк ад мяжы з Украінай.
У ноч на сераду на кукурузнае поле ў сяле Асінах Люблінскага ваяводства Польшчы ўпаў невядомы прадмет, які затым узарваўся.
Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», паведамляе RMF FM.
Марчын Юзвік з Лукаўскага раённага аддзела паліцыі (Люблінскае ваяводства) паведаміў, што пасля 2 гадзін ночы супрацоўнікі паліцыі атрымалі паведамленне пра «выбух» у сяле Асінах Лукаўскага павета.
«На кукурузным полі знайшлі абгарэлыя элементы розных памераў, якія былі раскіданыя ў радыусе некалькіх дзясяткаў метраў. Гэта абпаленыя металічныя і пластыкавыя абломкі», - удакладніў афіцэр.
«Што гэта за неідэнтыфікаваны прадмет, устанаўліваюць адпаведныя службы. На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі паліцыі, мы правяраем тэрыторыю», - дадаў паліцыянт.
У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, але былі выбітыя вокны ў трох найбліжэйшых дамах.
Міністэрства абароны ўжо ведае пра гэты выпадак, як паведаміў RMF FM прадстаўнік міністэрства Януш Сеймэй.
Як паведамляе Łuków.TV, спасылаючыся на высновы сваіх журналістаў, «сітуацыя на месцы здарэння вельмі сур'ёзная». На месцы падзення неапазнанага аб'екта ўтварылася варонка, а сярод абломкаў быў знойдзены прадмет, падобны на прапелер.
На кадрах, апублікаваных парталам, у начным небе бачны яркі выбліск, а праз імгненне чутны гучны выбух. «Мяне разбудзіў моцны выбух, ад якога затрэсліся шыбы ў вокнах. Я выглянуў на вуліцу, але нічога не ўбачыў. Толькі раніцай я заўважыў фары машын паліцыянтаў», - распавёў адзін з жыхароў.
Łuków.TV паведамляе, што на месцы здарэння, акрамя паліцыі, працавалі таксама пажарныя, якія дапамагалі засцерагчы тэрыторыю. Цяпер службы чакаюць прыбыцця вайскоўцаў.
Варта адзначыць, што Польшча зноў паднімала сваю авіяцыю праз расейскі камбінаваны напад на Украіну ў ноч на аўторак.