Расейская вугальная галіна церпіць рэкордныя страты
1- 20.08.2025, 17:03
- 2,858
Санкцыі і вайна прадаўжаюць знясільваць эканоміку агрэсара.
Расейская вугальная прамысловасць перажывае цяжкі крызіс на фоне санкцый і вайны, страчваючы рынкі і нарошчваючы пазыкі. Паводле звестак Мінэнэрга РФ, страты галіны ў 2024 годзе могуць дасягнуць 350 млрд рублёў, піша Daily Express (пераклад – сайт Charter97.org).
Галоўны ўдар прыйшоўся па экспарце. Расея страціла еўрапейскія рынкі і вымушаная пераарыентавацца на Азію, дзе сутыкаецца з жорсткай канкурэнцыяй з боку Аўстраліі, Інданезіі і ПАР. Дадатковым ударам стала скарачэнне набыцця вугалю Кітаем – ключавым партнёрам Масквы – на 7,8% за мінулы год.
Санкцыі абмежавалі доступ да заходняга абсталявання, і здабыўным кампаніям даводзіцца разбіраць частку тэхнікі, каб падтрымліваць працу іншых установак. Пры гэтым вугальная галіна застаецца значным працадаўцам: блізу 150 тысячаў чалавек працуюць у шахтах і разрэзах, а яшчэ паўмільёна занята ў сумежных сектарах – ад энэргетыкі да транспарту.
Не лепшая сітуацыя і ў аўтапраме. Высокая інфляцыя (блізу 9%) і ключавая стаўка Цэнтрабанка 18% зрабілі крэдыты недаступнымі для насельніцтва, што рэзка знізіла попыт. У выніку вытворчасць аўтамабіляў у Расеі за першыя паўгода ўпала на 28%, грузавікоў – на 40%.
Каб скараціць выдаткі, найбуйнейшыя прадпрыемствы – КамАЗ, АЎТАВАЗ, ГАЗ, а таксама трактарныя заводы ў Чэлябінску і Пецярбургу – перавялі супрацоўнікаў на чатырохдзённы тыдзень. Гэта азначае страту прыкладна 20% прыбытку для супрацоўнікаў і далейшае падзенне спажывецкага попыту.
Эканамічны крызіс у ключавых галінах узмацняе ціск на расейскі рынак працы і ўзровень жыцця насельніцтва.