Politico: Еўрапейскія лідары мяркуюць, што мірныя перамовы Трампа і Пуціна пацерпяць крах
4- 20.08.2025, 20:39
- 3,630
Лідары ЕЗ плануюць патураць мірным намаганням Трампа да таго часу, пакуль ён не зразумее, што трэба ўзмацніць санкцыі.
Стратэгія еўрапейскіх лідараў заключаецца ў тым, каб патураць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і хваліць яго да таго часу, пакуль ён не прыйдзе да высновы, што яму трэба заняць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Крамля. Еўрапейскі бок мяркуе, што гэта бясстратны падыход. Пра гэта паведамляе Politico.
У сувязі з падрыхтоўкай да магчымага саміту з удзелам Расеі і Украіны лідары з усёй Еўропы правялі 19 жніўня серыю экстранных перамоваў, каб узважыць свае адказы і абмяняцца інфармацыяй, атрыманай падчас абмеркаванняў у Белым доме напярэдадні.
Паводле словаў пяці дыпламатаў, якія згадзіліся праліць святло на гэтыя далікатныя размовы на ўмовах ананімнасці, прэзідэнты, прэм'ер-міністры і амбасадары ў цэлым падтрымалі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які мяркуе, што Пуцін не хоча міру. Яны выказалі глыбокі скептыцызм у дачыненні да таго, што Крэмль будзе весці перамовы добрасумленна, але з аптымізмам чакалі, што Вашынгтон пакарае Расею, калі Пуцін стане галоўнай перашкодай на шляху да міру.
«Відавочна, што калі мы трапім у сітуацыю, калі Пуцін дакажа, што ён не хоча заканчваць вайну, гэта прымусіць Трампа дзейнічаць і ўзмоцніць аргументы на карысць санкцый», – заявіў дыпламат з адной з краінаў, прадстаўленых на віртуальным пасяджэнні Еўрапейскай рады ў аўторак.
Еўрапейцы мяркуюць, што санкцыйны ціск ЗША крытычна важны для дыпламатычнага працэсу, і многія сцвярджаюць, што Пуцін быў вымушаны ўступіць у перамовы з Трампам на Алясцы толькі пасля таго, як Вашынгтон увёў высокія мыты супраць Індыі за набыццё ёю жыццёва важнай для расейскай эканомікі сыравіны: нафты. Наступным драматычным крокам стане эскалацыя аналагічных санкцый, каб абмежаваць найважнейшы гандаль Расеі з Кітаем.
Другі дыпламат пацвердзіў, што хаўруснікі з радасцю падтрымаюць амерыканскую ініцыятыву заключэння перамір'я не таму, што яны абавязкова меркавалі, што яно спрацуе, а таму, што «гэта стане наглядным выпрабаваннем намераў Расеі». Трэці заявіў, што гарантыі бяспекі, якія распрацоўваюцца, дапамогуць Украіне «весці перамовы з пазіцыі сілы», а санкцыі забяспечаць «нам вагары ўздзеяння на Пуціна».
«Гэта сталае практыкаванне ў кіраванні Трампам для ўсіх, у тым ліку, дарэчы, і Пуціна», – сказала выданню Фіёна Хіл, былая дарадца Трампа падчас ягонага першага прэзідэнцкага тэрміну, а цяпер старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытута Брукінгса.
Заходнія партнёры абсыпалі Трампа пахваламі, падзякаваўшы яму за арганізацыю перамоваў, і выказалі шчырую палёгку пасля таго, як ён, з усяго відаць, даў істотныя запэўненні ў тым, што краіна выканае сваю ролю ў гарантыях бяспекі Украіны ў рамках мірнага пагаднення. Аднак за зачыненымі дзвярыма яны больш сканцэнтраваныя на прасоўванні новых, жорсткіх эканамічных абмежаванняў.