«У аддзелах са школьнымі таварамі ажыўлена, прымерачныя занятыя, у касы стаяць чэргі»
1- 25.08.2025, 12:33
- 1,068
Пачатак навучальнага года на носе.
«Салідарнасць» паглядзела, як у Менску дзяцей у школу збіраюць.
Журналісты прайшліся па буйных універмагах - гандлёвы дом «На Нямізе», ГУМ і ЦУМ, паглядзелі, які асартымент адзення, абутку і іншых тавараў для школьнікаў яны прапануюць і якія кошты. Высветлілася, што нават у буднія дні ў аддзелах са школьнымі таварамі вельмі ажыўлена, усе прымерачныя занятыя, у касы стаяць чэргі.
З 1 верасня гэтага года Мінадукацыі заканадаўча зацвердзіла не школьную форму як такую, але абавязковы дзелавы стыль адзення для школьнікаў.
Гэты стыль ўключае пінжакі, камізэлькі, штаны, кашулі і блузкі (з кароткім або доўгім рукавом), спадніцы, сарафаны і сукенкі для дзяўчынак, а таксама водалазкі і гальштукі.
Узімку дапускаецца насіць трыкатажныя швэдры. Адзенне спартыўнага стылю дазваляецца насіць толькі на ўроках фізкультуры. Школы і гімназіі могуць ўстанаўліваць свае канкрэтныя патрабаванні да формы, уключаючы каляровую гаму, і наяўнасць, напрыклад, эмблемы школы.
Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня чыноўнікі «сталічнага гандлю і паслуг» падлічылі і агучылі дыяпазон коштаў, у які можна ўкласціся бацькам, каб сабраць школьніка да навучальнага года ў менскіх універмагах і гандлёвых цэнтрах – ад 336 да 1386 рублёў. Для малодшых школьнікаў і старшакласнікаў гэты дыяпазон адрозніваецца.
Прыблізны кошт поўнага камплекта для школьнікаў малодшых класаў складае ад 336 да 1129 рублёў, а старшакласнікаў — ад 414 да 1386 рублёў. У камплект уваходзяць адзенне, абутак, заплечнік, канцылярскія і школьна-пісьмовыя тавары.
Было таксама агучана, што набор школьных прылад для вучняў малодшай школы можа абысціся ад 119-363 рублёў, а для старшакласнікаў – ад 115 да 500 рублёў.
Журналісты звярнулі ўвагу, што кошты на адзенне сапраўды розныя, напрыклад, белая кашуля з доўгім рукавом для хлопчыка можа каштаваць у розных беларускіх вытворцаў ад 43 да 95 рублёў, блузкі для дзяўчынак ад 54 да 115 рублёў. У таннейшых, адсотак бавоўны ў складзе тканіны ніжэйшы.
Нагавіцы з трыкатажнага палатна для дзяўчынак і хлопчыкаў малодшых класаў можна купіць ад 43 рублёў. Але, мамы ведаюць, што такія штаны не вельмі практычныя, выцягваюцца на каленях і хутка рвуцца. Нагавіцы з шчыльнай тканіны, у складзе якіх ёсць бавоўна або віскоза каштуюць ад 71 рубля.
Цэны класічнага пінжака для хлопчыка і жакет для дзяўчынкі – ад 92 рублёў. Цэны трыкатажных баваўняных вадалазак ад 23 рублёў. Кошт камізэлек для хлопчыкаў і дзяўчынак ад 29 да 55 рублёў.
Кідаецца ў вочы, што ў аддзелах універмагаў, якія гандлююць таварамі для школы, вельмі шмат паведамленняў пра зніжкі, але часта высвятляецца, што цана зніжана толькі на асобны асартымент. Таксама не заўсёды ёсць у наяўнасці патрэбны памер, нягледзячы на разнастайнасць.
Рэчы з аптымальнай прапорцыяй кошт-якасць-модны фасон разабралі ў першую чаргу. Выбар дарагога адзення шырэйшы, але яно, мабыць, не ўсім па кішэні.
Дарэчы сказаць, беларускіх прадпрыемстваў, як дзяржаўных, так і прыватных, што шыюць адзенне для школьнікаў шмат, у трох універмагах мы налічылі не менш за 25.
Туфлі з натуральнай скуры для школьніц-дзяўчынак беларускіх вытворцаў каштуюць ад 92 рублёў, паўчаравікі для хлопчыкаў – ад 87 рублёў.
Цана на заплечнікі для школьнікаў ва ўнівермагах ад 70 да 240 рублёў.




Мянчанка Святлана, якая працуе эканамістам, выхоўвае 12-гадовую дачку адна. Былы муж плаціць аліменты, але «яны вельмі сціплыя, на суму, выплачаную за месяц, у школу дзіця не збярэш».
- Раней я заўсёды закуплялася да школы ў ГУМе, на «Валдберыз» нешта па дробязі заказвала, -распавядае яна. - Але ў гэтым годзе на параду шматдзетных сябровак надумала з'ездзіць на рынак «Экспабел».
Раней ён размяшчаўся проста на дварэ. Цяпер у закрытым памяшканні, таму ўсё выглядае цывілізавана і зручна.
Адзення ў дзелавым стылі, як патрабуецца ў школе, вельмі шмат. У асноўным гэта, вядома, Кітай, але ён розны. Ёсць зусім танны, і якасць, у яго, адпаведна, горшая. А ёсць «фабрычны», у такіх рэчаў і фасоны і склад тканіны лепшы, але і каштуюць яны даражэй.
Мы з дачкой прыглядаліся да «фабрычных» рэчаў. Дачка сочыць за трэндамі, хоча быць моднай нават у школе, выбірае ўсё вельмі старанна. Напрыклад, мы купілі дарагую белую блузку з шчыльнай бавоўны за 50 рублёў, а таксама двое нагавіц сіняга і чорнага колеру па 70 рублёў.
Блузкі для дзяўчынак і белыя і блакітныя кашулі для хлопчыкаў можна купіць і па 30 рублёў, а нагавіцы за 45-50 рублёў. У нашай школе больш вітаецца адзенне сіняга колеру, але дапушчальна насіць і чорнага.
Нагавіцы сіняга колеру дачка абрала шырокія - «палацо», а чорнага – «клеш». Яшчэ купілі сіні трыкатажны жакет за 55 рублёў і камізэлька ўсяго за 20 рублёў, спартыўны касцюм з футэра – штаны і падоўжанае худзі з башлыком – за 75 рублёў, белыя шкарпэткі па 2 рублі за пару.
Мы таксама купілі заплечнік для школы за 50 рублёў і па дробязі канцтавары. Кошты таксама крыху таннейшыя, чым у крамах.
Я звярнула ўвагу, што на гэты рынак прыязджаюць закупляцца школьным адзеннем вельмі шмат сем'яў з рэгіёнаў. Тыя, у каго двое, трое і больш выбіраюць, вядома, рэчы таннейшыя. Некаторыя з маіх сябровак, у якіх па трое дзяцей, каб зэканоміць, ездзяць на рынак «Ждановічы». Яны кажуць, што кошты школьнага адзення там яшчэ ніжэйшыя.