Цэлую сям'ю з Менска асудзілі на пяць гадоў калоніі
17- 25.08.2025, 13:00
- 14,560
Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
61-гадовага менскага прадпрымальніка Генадзя Саўрыцкага, ягоную 59-гадовую жонку Ірыну і 23-гадовую дачку Віялету Вярбіцкую асудзілі паводле артыкула аб «распальванні варожасці» (частка 1 і 3 артыкула 130 КК) на пяць гадоў калоніі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Прысуд сям'і вынеслі ў 2024 годзе, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер. Ірына і Віялета адбываюць тэрмін у ПК - 4 у Гомелі, Генадзь — у ПК-15 у Магілёве.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сям'я была затрыманая праз відэазварот супраць гвалту сілавікоў, які Генадзь, Ірына і Віялета запісалі ў 2020 годзе.
Ролік, пра які ідзе гаворка, быў створаны яшчэ да выбараў, у чэрвені 2020 года. Вядома, што Віялета Вярбіцкая пачала свой зварот у ім са слоў: «Хачу звярнуцца да праваахоўных органаў, якія давалі прысягу ахоўваць і абараняць свой народ, а вы збіваеце і запалохваеце нас. Хто ж дае вам такія загады, збіваць свой народ, каб трымаць нас у страху...».
Ролік распаўсюдзілі ў некалькіх асабістых перапісках у WhatsApp, акрамя таго, Генадзь адправіў яго ў працоўны чат у тэлеграме.