Жыхары некаторых раёнаў Беларусі змогуць адпачыць ад дзяржпрапаганды
5- 25.08.2025, 19:05
- 1,918
Перабоі ў вяшчанні ТВ і радыё могуць назірацца да канца працоўнага тыдня.
Частка Беларусі застанецца без тэлевізіі і радыё з 26 да 29 жніўня. У гэты час "Белтэлекам" будзе праводзіць рамонтныя працы, паведамілі ў кампаніі.
Так, 26 і 27 жніўня трэба прыгатавацца жыхарам Хойніцкага, Рэчыцкага і Калінкавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці.
З 12.15 да 14.55 будзе адсутнічаць прыём ад АРТПС (аўтаматызаванай радыётэлевізійнай станцыі перадачы) "Зашчэб'е" абавязковага агульнадаступнага пакета праграм, камерцыйнага эфірнага лічбавага ТВ, РУ праграм 1НКБР, "Культура", радыё "Гомель", "Сталіца".
А вось 27 і 28 жніўня (29 жніўня стаў рэзервовым днём) нязручнасці адчуюць у Старадарожскім, Любанскім, Слуцкім раёнах Менскай вобласці, а таксама ў Глускім, Асіповіцкім раёнах Магілёўскай вобласці.
Там з 10:00 да 16:00 будзе адсутнічаць прыём ад АРТПС "Старыя Дарогі" абавязковага агульнадаступнага пакета праграм, камерцыйнага эфірнага лічбавага ТВ, РУ праграм 1НКБР, "Культура", "Менская хваля".
У кампаніі заявілі, што калі працы будуць завершаны раней за ўстаноўлены тэрмін, то перадачу адновяць датэрмінова.
Таксама ў "Белтэлекаме" ўдакладнілі, што маніпуляцыі не паўплываюць на працу інтэрактыўнай тэлевізіі ZALA.