Дроны падбілі нафтабазу каля аэрапорта ў Сочы
10- 3.08.2025, 8:24
- 11,310
Прагучалі дзясяткі выбухаў, гарыць рэзервуар з палівам.
Уначы ў нядзелю ў горадзе Сочы ў Краснадарскім краі Расеі зноў было шумна. Яго атакавалі БПЛА, прагучалі дзясяткі выбухаў, успыхнуў маштабны пажар на нафтабазе, піша OBOZ.UA.
Кадрамі нападу на Сочы расейцы дзяліліся ў сеціве. На адным з відэа мясцовы жыхар сцвярджае, што пажар успыхнуў на вуліцы Авіяцыйнай – там непадалёк ад аэрапорта «Сочы» размешчаная буйная нафтабаза.
На іншых відэа расейцы кажуць, што гарыць нафтабаза ў Адлеры (гэта раён Сочы).
Была падбітая нафтабаза кампаніі «Раснафта-Кубаннафтапрадукт» (вул. Авіяцыйная, 17/6). Паведамляецца пра некалькіх траплянняў дронаў па гэтым аб'екце.
«На нафтабазе ў Адлерскім раёне адбылося загаранне рэзервуара з палівам. Абломкі зноў зачапілі будынкі ў гаражным кааператыве на авіяцыйнай», – заявіў пазней мэр Сочы Андрэй Прашунін.

Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў удакладніў, што «абломкі беспілотніка» патрапілі ў цыстэрну з нафтапрадуктамі.

Са свайго боку аператыўны штаб краю паведаміў, што на нафтабазе гарыць рэзервуар з нафтапрадуктамі аб'ёмам 2000 кубаметраў. Акрамя таго, «у выніку падзення абломкаў беспілотніка» загарэлася крама на авіяцыйнай вуліцы, таксама пашкоджаныя пяць гаражоў.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. У ліквідацыі наступстваў атакі беспілотнікаў задзейнічаныя 127 чалавек і 35 адзінак тэхнікі, у тым ліку ад МНС Расеі – 75 чалавек, 22 адзінкі тэхнікі», – зрабілі справаздачу расейцы пра маштабы «падзення абломкаў БПЛА» на нафтабазе.
У Расавіяцыі заявілі, што ў аэрапорце «Сочы» ўведзеныя часовыя абмежаванні на прыём і выпуск паветраных караблёў. Нафтабаза «Раснафты» якраз размешчаная прыкладна за кіламетр ад аэрапорта, у раёне авіяцыйнай вуліцы.
