ГУВ здабыла сакрэтныя звесткі пра падлодку з ядзернай трыяды Крамля
3- 3.08.2025, 10:53
- 11,700
На баявую варту яго прымаў асабіста Пуцін.
Спецыялісты ГУВ МА Украіны атрымалі закрытую ўнутраную дакументацыю пра найноўшую падводную лодку РФ – атамную субмарыну стратэгічнага прызначэння К-555 «Князь Пажарскі» праекту 955А «Барэй-А».
Пра гэта паведамляе Цензор.НЕТ са спасылкай на прэс-цэнтр ГУВ.
Як адзначаецца, у распараджэнне ваеннай выведкі Украіны трапілі:
– пайменныя спісы асабовага складу экіпажу падводнай лодкі, уключаючы звесткі пра пасады, кваліфікацыю і ўзровень фізічнай падрыхтоўкі;
– баявыя інструкцыі для экіпажу;
– баявая схема карабля, схемы сістэмаў забеспячэння жывучасці і арганізацыйнай структуры экіпажу;
– прадпісанні экіпажу ў каютах і кубрыках, інструкцыі ў перадачы параненых і грузаў, парадак дзеянняў падчас буксавання і іншыя службовыя інструкцыі;
– інжынерная дакументацыя, сярод іншага акт даследавання дэфармаванага радыёбуя з указаннем чальцоў камісіі і прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні.
«Таксама выведнікі атрымалі выпіску з кнігі карабельных раскладаў “Пажарскага”. Гэты аб'ёмны дакумент рэгулюе штодзённую баявую і паўсядзённую працу карабля.
Падводныя лодкі праекту 955А “Барэй-А” – адзін з ключавых элементаў так званай ядзернай трыяды Крамля. Субмарыны маюць 16 пускавых шахтаў для міжкантынентальных балістычных ракетаў Р-30 “Булава-30”, кожная з якіх можа несці да 10 баявых блокаў», – адзначаюць у ГУВ.
Падводная лодка стратэгічнага прызначэння «Князь Пажарскі» ўвайшла ў склад 31-й дывізіі падводных лодак паўночнага флоту ВМФ РФ толькі 24 ліпеня 2025 года. Сталае месца базавання – Гаджыева, Мурманская вобласць.
ГУВ нагадвае, што прымаў «Пажарскага» на баявую варту асабіста расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін.
«Здабытая выведнікамі інфармацыя дазваляе выявіць асаблівасці і тэхнічныя абмежаванні не толькі “Князя Пажарскага”, але і іншых субмарынаў праекту 955А, крытычна важных для падтрымання імперскага міфу дзяржавы-агрэсаркі Расеі», – дадалі ў ГУВ.









