Сіноптыкі спрагназавалі «гарачую нядзелю» ў Беларусі
- 3.08.2025, 10:56
- 3,266
Дзе пройдуць навальнічныя дажджы?
Згодна з прагнозам сіноптыкаў, беларусаў у нядзелю 3 жніўня чакаюць спякота, навальнічныя дажджы і ўзмацненне ветру да 15–20 м/с, піша «Тэлеграф».
Так, у тэлеграм-канале пра надвор'е ў Беларусі «Метэавайб», які спасылаецца на еўрапейскія мадэлі прагнозу надвор'я, паабяцалі «гарачую нядзелю». Там растлумачылі, што 3 жніўня цэнтр антыцыклону апынецца над Цвярской вобласцю, а на Польшчу выйдзе паўднёвы цыклон.
«Такое комба барычных утварэнняў узмоцніць адвекцыю цяпла з поўдня Еўропы», – падкрэслілі ў ТГ-канале.


У сваю чаргу ў другой палове дня амаль па ўсёй краіне, акрамя ўсходу, павінны прайсці «лакальныя навальнічныя дажджы».
«А па захадзе Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці пад уплывам лініі няўстойлівасці яны чакаюцца месцамі, у асобных раёнах магчымае шквалістае ўзмацненне ветру да 15–20 м/с», – паведаміў «Метэавайб».
Што да тэмператураў, то ноччу будзе +13…+18°C, днём +25…+30°С.
Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі
У сваю чаргу Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі ў Беларусі праз спякоту.
«Днём 3 жніўня (нядзеля) па паўднёвым захадзе краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30…+31°С», – паведамілі метэаролагі.

Тым часам профільны тэлеграм-канал nadvorie заявіў, што «не будзе ў пачатку жніўня горача і ў сярэдзіне таксама не будзе».
«З 4 да 11-га жніўня тэмпература паветра крыху ніжэйшая за норму, а па поўдні РБ на 1–3°; з 11 да 18-е прыкладна таксама», – адзначылі там.
