9 снежня 2025, aўторак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як спякотнае надвор'е ўплывае на працу мозгу

Навукоўцы высветлілі, як спякотнае надвор'е ўплывае на працу мозгу

Раяць піць шмат вады, каб цела астуджалася.

Паколькі кліматычныя змены становяцца прычынай павелічэння гарачых перыядаў, навукоўцы пастанавілі даследаваць, як экстрэмальная спякота ўплывае на працу чалавечага мозгу, піша BBC.

Прыкладна ў аднаго з 15000 дзяцей цяпер рэгіструецца сіндром Дравэ, неўралагічнае захворванне, якое ўключае форму эпілепсіі. Выданне паказвае, што такія прыступы часта суправаджаюцца аўтызмам, цяжкасцямі з маўленнем, праблемамі з харчаваннем і да таго падобным.

Неўролаг Санджай Сісодыя з Універсітэцкага каледжа Лондана расказаў, што сіндром Дравэ – гэта толькі адно са шматлікіх неўралагічных захворванняў, якія могуць абвастрацца праз спёку.

Таксама пад уплывам павышэння тэмпературы і вільготнасці часцей, чым раней, фіксуюцца такія хваробы, як эпілепсія, інсульт, энцэфаліт, рассеяны склероз, мігрэнь і шэраг іншых.

Указваецца, што калі на вуліцы тэмпература паветра вышэйшая за +26°C, у людзей зніжаецца канцэнтрацыя ўвагі, пагаршаецца памяць, ім цяжка рашаць простыя задачы.

Выданне паказвае, што ў сярэднім тэмпература чалавечага мозгу рэдка перавышае тэмпературу цела больш чым на 1°C. Аднак калі чалавек думае, успамінае нешта ці рэагуе на навакольны свет, мозг вырабляе значную колькасць уласнага цяпла.

З гэтай прычыны наша цела павінна прыкладаць больш намаганняў, каб астудзіць мозг. Адзначаецца, што хоць экстрэмальная спёка і мяняе працу мозгу ва ўсіх людзей, але часцей за ўсё больш пакутуюць людзі з неўралагічнымі захворваннямі.

Таксама высокія тэмпературы ўначы не даюць людзям нармальна спаць, чаму ў іх не толькі пагаршаецца настрой, але і ўзмацняюцца сімптомы некаторых захворванняў. Вось чаму нярэдка ўлетку людзі прачынаюцца яшчэ да будзільніка раздражнёныя і пачуваюцца разбітымі.

«Для многіх людзей, якія пакутуюць на эпілепсію, дрэнны сон можа павялічыць рызыку ўзнікнення курчаў», – заўважыў Сісодыя.

Звесткі таксама паказваюць на тое, што ў спякотныя дні павялічваецца колькасць шпіталізацый і ўзровень смяротнасці сярод людзей, якія маюць дэменцыю. Часткова гэта звязана з тым, што пажылыя людзі горш рэгулююць тэмпературу цела.

Указваецца, што ў адным з даследаванняў навукоўцы прааналізавалі звесткі пра смяротнасць ад інсульту ў 25 краінах і выявілі, што з 1000 смерцяў ад ішэмічнага інсульту два дадатковыя выпадкі смерці прыпадаюць на самыя спякотныя дні.

«Існуе сувязь паміж экстрэмальнай спёкай і такімі неспрыяльнымі наступствамі цяжарнасці, як заўчасныя роды», – кажа прафесарка глабальнага здароўя жанчынаў у Імперскім каледжы Лондана ў Вялікай Брытаніі Джэйн Херст.

Як указваецца, на фоне спякоты ў людзей павышаецца агрэсія. Падчас анамальнай гарачыні на вуліцы колькасць выпадкаў хатняга гвалту ўзрастае на 5%.

Таму ў спёку варта піць шмат вады і сачыць, каб цела астуджалася, інакш мозг перастае спраўляцца з нагрузкай. Характэрна, што чэрвень 2023 г. быў самым гарачым за ўсю гісторыю назіранняў, і гэта толькі пачатак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках