WSJ: Уладальнік Facebook прапанаваў аднаму з экс-супрацоўнікаў заробак 1,5 млрд даляраў
5- 3.08.2025, 14:56
- 7,654
ФОТА: DAVID PAUL MORRIS/BLOOMBERG
Каб ён вярнуўся на працу ў кампанію.
Уладальнік сацсеткі Facebook і бацькоўскай кампаніі Meta Марк Цукерберг прапаноўваў аднаму са сваіх былых супрацоўнікаў заробак памерам $1–1,5 млрд. Так ён хацеў вярнуць спецыяліста, які раней сышоў працаваць на сябе разам з экс-дырэктарам OpenAI, кампаніі, што распрацавала ChatGPT.
Распрацоўнік Эндру Талак, кіроўны даследнік Thinking Machines Lab, заснаваў кампанію разам з былым тэхнічным дырэктарам OpenAI Мірай Мураці. Ён адмовіўся ад прапановы, пра што паведаміла выданне The Wall Street Journal (WSJ).
Thinking Machines Lab Inc. – амерыканскі стартап у галіне штучнага інтэлекту (ШІ), які ўзначальвае Міра Мураці, былы тэхнічны дырэктар OpenAI. Кампанія была заснаваная ў лютым 2025 года і да ліпеня ўжо закончыла «маштабны раўнд фінансавання на ранняй стадыі» пад кіраўніцтвам Андрэесена Гаровіца, сабраўшы 2 мільярды даляраў пры агульнай ацэнцы 12 мільярдаў даляраў ад такіх інвестараў, як Nvidia, AMD, Cisco і Jane Street. Кампанія месціцца ў Сан-Францыска.
Усё пачалося з таго, што мільярдэр прапанаваў набыць праект Thinking Machines Lab, але Мураці адмовілася. Тады Цукерберг прапанаваў яе кампаньёну, Талаку, вярнуцца да яго на працу, а ў якасці ўзнагароды паабяцаў пакет акцый коштам $1 млрд, які мог бы вырасці да $1,5 млрд пры максімальных бонусах і росце акцый як мінімум за шэсць гадоў.
Ад прапановы адмовіўся не толькі сам Талак, але і іншыя супрацоўнікі стартапу.
Зрэшты, у Meta звесткі ў артыкуле на WSJ аб прапанове Талаку назвалі «недакладнымі і абсурднымі» і адпрэчылі цікавасць кампаніі да набыцця Thinking Mashines. Аднак выданне настойвае на дакладнасці інфармацыі, атрыманай са сваіх крыніцаў.
У выданні сцвярджаюць, што такую нетрывіяльную прапанову Цукерберг зрабіў у спробе дагнаць канкурэнтаў у гонцы стварэння штучнага інтэлекту.