Генпракуратура Літвы назвала ваенным злачынствам уварванне дрона
5- 3.08.2025, 15:26
- 2,428
Вядзецца расследаванне.
Генеральная пракуратура Літвы паведаміла, што інцыдэнт з беспілотнікам, які прыляцеў з паветранай прасторы Беларусі, расследуецца як эпізод у справе аб ваенных злачынствах ва Украіне.
Аднак ніякіх падрабязнасцяў пра здарэнне праваахоўнікі абнародаваць не будуць.
Беспілотнік заляцеў з беларускай паветранай прасторы ў літоўскую ў ноч на 28 ліпеня. Генеральная пракуратура суседняй краіны паведаміла, што гэты інцыдэнт «расследуецца як асобны эпізод у рамках дасудовага разбору ў справе аб ваенных злачынствах ва Украіне»:
«Расследаванне вядзе Бюро крымінальнай паліцыі Літвы пад кантролем дэпартамента ў справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генпракуратуры. Больш падрабязная інфармацыя не можа быць апублікаваная, каб не нашкодзіць расследаванню».
Беспілотнік, які рухаўся з Беларусі, праляцеў над Вільняй, накіраваўся ў бок Каўнаса і знік, пасля чаго яго шукалі некалькі дзён. 1 жніўня дрон знайшлі на палігоне Гайжунай у Ёнаўскім раёне каля Каўнаса.
Папярэдне паведамлялася, што гэта быў расейскі беспілотнік «Гербера» – у залежнасці ад мадыфікацыі ён можа ўжывацца для ўдараў або выведкі ці быць проста імітатарам і адрываць увагу супрацьпаветранай абароны. Які менавіта апарат упаў у Літве, не ўдакладнялася.
Пасля гэтага выпадку ўлады суседняй краіны паабяцалі «ўжыць дадатковыя захады для больш эфектыўнага памежнага кантролю, будуць задзейнічаныя дадатковыя ваенныя сілы». А МЗС Літвы выклікала да сябе прадстаўніка амбасады Беларусі ў Вільні і ўручыла яму ноту, выказаўшы катэгарычны пратэст у сувязі з незаконным пранікненнем беспілотніка.
Гэта не першы такі інцыдэнт: 10 ліпеня з Беларусі ў Літву таксама залятала расейская «Гербера». Дрон упаў недалёка ад закрытага памежнага пункта пропуску «Шумскас», прыкладна за кіламетр ад мяжы з Беларуссю. Міністэрства замежных справаў Літвы тады таксама ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Беларусі.