Авіяэкспэрт раскрытыкаваў расейскія МС-21 і Superjet
3- 3.08.2025, 17:49
- 8,434
Абодва самалёты немагчыма выпускаць без замежных камплектуючых.
Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя (ААК) заявіла аб завяршэнні зборкі першага "цалкам імпартазамешчанага" самалёта МС-21. Паводле звестак кампаніі, на борце №0013 устаноўлены расейскія рухавікі ПД-14, заменены асноўныя сістэмы кіравання і энергазабеспячэння, а таксама ўпершыню ўстаноўлены інтэр'ер айчыннай вытворчасці. Аднак авіяэкспэрт, з якім паразмаўляў The Insider, уважае, што расейскія авіякампаніі пакуль не ў стане выпускаць сучасныя самалёты без замежных камплектуючых.
Пасля пераходу на расейскія кампазітныя матэрыялы маса лайнера вырасла амаль на 6 тон, а далёкасць палёту скарацілася больш як удвая. Для частковай кампенсацыі гэтага канструктары скарацілі фюзеляж, паменшыўшы пасажыраўмяшчальнасць да 140-170 чалавек.
Авіяцыйны экспэрт, які пажадаў застацца ананімным, адзначыў, што поўнасцю імпартазамешчаным самалёт не можа быць у сілу адсутнасці неабходных кампанентаў расейскай вытворчасці:
"Пра тое, што ні МС-21, ні Superjet нельга зрабіць на 100% імпартазамешчанымі, казалі яшчэ ў 2023 годзе і [віцэ-прэм'ер Дзяніс] Мантураў, і тагачасны кіраўнік ОАК [Юрый Слюсар. Частка авіёнікі, бартавога радыёэлектроннага абсталявання - хай і невялікая - усё яшчэ застаецца замежнай, таму што ў Расеі гэта пакуль не могуць замясціць. І ці змогуць - вялікае пытанне. І важна падкрэсліць, што нават калі фармальна ўсё збіраецца ў Расеі, але на кітайскай кампанентнай базе, гэта не імпартазамяшчэнне. Імпартазамяшчэнне - гэта калі цалкам усё залежыць ад прадпрыемстваў унутры краіны. А калі прадпрыемствы спыняць атрымліваць кітайскую электронную кампанентную базу, то і ўсё стане.
Але важней тое, што праз выкарыстанне айчынных кампазітаў у крыле, вузлоў, агрэгатаў і іншага, самалёт аказаўся цяжэйшым амаль на 6 тон. Не так важна, што там будзе айчыннае, а што - імпартнае, а важна, як яны 6 тон з канструкцыі здымуць. Таму што тэхнічнаму заданню самалёт не адпавядае".