У палон да УСУ зноў патрапілі расейцы, якіх абмянялі ў чэрвені
15- 4.08.2025, 17:55
- 17,572
Пасля допытаў іх адразу ж адправілі на фронт пад Ваўчанск.
Двое расейскіх акупантаў, якіх абмянялі на ўкраінскіх абаронцаў у чэрвені сёлета, зноў трапілі ў палон байцам Сілы абароны Украіны.
Пра гэта 4 жніўня, паведамляе «Хачу жыць» - украінскі дзяржаўны праект Каардынацыйнага штаба ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі па добраахвотнай здачы ў палон.
«Тое, што Расея адпраўляе ваеннапалонных адразу пасля абмену назад на забой, - даўно не навіна. У адрозненне ад Украіны, дзе знаходжанне ў палоне з'яўляецца законнай падставай спісацца са службы на ўласнае жаданне, вайскоўцы РФ не маюць ніякіх правоў і нічога не вырашаюць», - адзначылі ў Каардынацыйным штабе, публікуючы відэа.
На кадрах, як заяўляецца, Сактаагай Шагаа, ураджэнец Тувы, які падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны краіны-агрэсара Расеі 10 снежня 2024 года. Ваяку накіравалі ў 83-ты мотастралковы полк і ўжо ў студзені ён падчас «мяснога» штурму Ваўчанска атрымаў раненні і здаўся ў палон.

20 чэрвеня, паводле стамбульскіх дамоўленасцей, Сактаагай быў вернуты ў Расею як ваеннапалонны з раненнямі. Аднак, як распавялі ў Хачу жыць, ніякага лячэння і рэабілітацыі не было, ён нават не паспеў патрапіць дадому.
«Два тыдні яго ўтрымлівалі і дапытвалі ФСБшнікі ў казармах 27 АМСБр у пасёлку Масрэнтген, Маскоўскай вобласці. Пасля допытаў яго адразу ж адправілі на фронт пад Ваўчанск - туды ж, дзе ён трапіў у палон першы раз», - паведамілі ў Хачу жыць.
19 ліпеня акупант зноў здаўся ўкраінскім абаронцам. Такім чынам, ад абмену да паўторнага траплення ў палон прайшло менш за месяц.
Падобная гісторыя ў яшчэ аднаго акупанта - Іванова Дзмітрыя, ураджэнца Рэспублікі Комі. 11 верасня 2024 года ён падпісаў кантракт з 82-м мотастралковым палком в/ч 52033 і быў адпраўлены штурмаваць Ваўчанск. Праз месяц, 7 кастрычніка, атрымаўшы раненні, акупант упершыню патрапіў у палон.
9 чэрвеня 2025 года яго абмянялі як параненага, а ўжо 19 ліпеня, пад Ваўчанскам, ён зноў апынуўся ў палоне.