У Іране падтрымалі дэнамінацыю, каб прыбраць чатыры нулі ў рыяла
10- 4.08.2025, 18:03
- 3,118
Іранская валюта значна абясцэнілася праз уведзеныя супраць краіны санкцыі.
У Іране парламенцкі камітэт эканомікі ўхваліў асноўныя палажэнні ўрадавага законапраекта аб дэнамінацыі нацыянальнай валюты – рыала, паведамляе Financial Times.
Кіраўнік камітэта Шамсадзін Хасейні заявіў, што новая валюта захавае назву «рыял» і будзе роўная 10 тыс. цяперашніх рыялаў.
Летась прэзідэнт краіны Масуд Пезешкіян прапанаваў дэнамінацыю паводле аналагічных суадносінаў і новую назву валюты – «туман». Ініцыятыву дэнамінацыі ўрад краіны ўхваліў яшчэ ў 2019-м, але ў апошнія месяцы ўлады паскорылі яе рэалізацыю. У цэлым пытанне абмяркоўваецца з 1990-х.
FT адзначае, што іранская валюта значна абясцэнілася праз уведзеныя супраць краіны санкцыі, апошні ўдар па рыале нанесла вайна з Ізраілем і ЗША ў чэрвені.
Іншы чалец камітэта, Джафар Гадэры, заявіў, што дэнамінацыя не паўплывае на інфляцыю, але знізіць транзакцыйныя выдаткі.
Іранскі эканаміст Камран Надры мяркуе, што захад «не з'яўляецца ні эфектыўным [інструментам] грашова-крэдытнай палітыкі, ні механізмам кантролю інфляцыі». «Гэта ўсяго толькі фармальная карэкціроўка грашовай адзінкі для мэтаў бухгалтарскага ўліку», – мяркуе ён.