The Economist: Пакістан збліжаецца з Трампам
1- 4.08.2025, 18:15
- 2,328
На фоне ахаладжэння стасункаў ЗША і Індыі.
Фельдмаршал Асім Мунір, кіраўнік войска Пакістана, умацоўвае свой уплыў як на міжнароднай арэне, так і ўнутры краіны, піша The Economist (пераклад – сайт Charter97.org).
Нядаўняя асабістая сустрэча з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме сведчыць пра аднаўленне цесных сувязяў паміж ЗША і Пакістанам, раней аслабленых пасля ліквідацыі Усамы бен Ладэна і вываду войскаў з Афганістана. Вашынгтон, расчараваны Індыяй, зноў звяртае ўвагу на Ісламабад, уключаючы перспектывы гандлю і супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам.
На ўнутранай арэне Мунір узмацніў пазіцыі пасля нядаўняга канфлікту з Індыяй. Яго папулярнасць вырасла, а вайскоўцы падтрымліваюць цывільны ўрад, які валодае цяпер неабходнай большасцю ў парламенце для магчымых зменаў у канстытуцыі. Гэта спарадзіла чуткі пра магчымы пераход Муніра на пасаду прэзідэнта, што можа азначаць вяртанне да вайсковага кіравання.
Мунір – першы вайсковы кіраўнік Пакістана, які не прайшоў навучанне на Захадзе. Ён рэлігійны, але прагматычны, захапляецца рэформамі Мухамеда бен Салмана ў Саудаўскай Аравіі і адкрыты да эканамічных ініцыятываў, уключаючы супрацоўніцтва ў сферах крыптавалюты і горназдабыўнай прамысловасці.
У той самы час застаюцца рыскі. Стасункі з Індыяй застаюцца напружанымі. Мунір называе Кашмір «соннай артэрыяй» Пакістана і папярэджвае пра магчымыя ўдары ўглыб Індыі ў выпадку новых правакацый. Гэта падвышае пагрозу сур'ёзнага канфлікту паміж ядзернымі дзяржавамі Паўднёвай Азіі.