У Расеі пасля ўкраінскага нападу спыніўся буйны НПЗ
- 4.08.2025, 18:36
- 2,828
Навакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты» не працуе з 2 жніўня.
Навакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты» спыніў з 2 жніўня першасную перапрацоўку нафты пасля нападу беспілотных лётных апаратаў (БПЛА), паведамляе Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў галіне.
Буйныя расейскія НПЗ не цярпелі ад нападаў БПЛА з сакавіка 2025 года.
«Раснафта» аператыўна не падала каментар на запыт Reuters.
Паводле інфармацыі крыніцаў, у выніку атакі была пашкоджаная атмасферная (асноўная) калона ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-11 Навакуйбышаўскага НПЗ.
На адным з відэа, размешчаным у сацсетках, таксама заўважнае загаранне на атмасфернай калоне АВТ-11.
Завод мае дзве ўстаноўкі: АВТ-11 магутнасцю 18.900 тонаў за дзень, АВТ-9 магутнасцю 4.700 тонаў за дзень.
АВТ-9 завод планаваў спыніць на капітальны планавы рамонт з пачатку жніўня да пачатку верасня.
На ацэнку крыніцаў, у апошні час перапрацоўка нафтавай сыравіны на Навакуйбышаўскім НПЗ складала блізу 18000 тонаў за дзень.
Навакуйбышаўскі НПЗ перапрацаваў у 2024 годзе 5,74 мільёна тонаў нафтавай сыравіны, вырабіў аўтабензіну 1,10 мільёна тонаў, дызпаліва – 1,64 мільёна тонаў, мазуту – 1,27 мільёна тонаў, паводле звестак крыніцаў у галіне.
Магутнасць Навакуйбышаўскага НПЗ, найбольш абсталяванага ў самарскай групе «Раснафты», складае 8,3 мільёна тонаў нафты за год.