У Беларусі спалілі 350 кілаграмаў гераіну
16- 4.08.2025, 18:44
- 5,920
Відэа.
Следчы камітэт правёў «працэдуру знішчэння шляхам спалення» гераіну агульнай вагой блізу 350 кг. Відэа «наркавогнішча» апублікаваў СК.
Як заявілі ў СК, наркотыкі былі канфіскаваныя ў рамках расследавання некалькіх крымінальных справаў. Вялікая частка знішчанага гераіну – больш за 320 кг – была канфіскаваная падчас справы супраць чатырох замежнікаў, удзельнікаў злачыннай арганізацыі і арганізаваных групаў.
«Праведзеным раней расследаваннем вызначана, што асабліва небяспечны наркатычны сродак быў увезены ў Беларусь пад выглядам пастаўкі сокаў і газаваных напояў з Ірана транзітам праз Расею. Надалей небяспечны груз размешчаны ў адным са складскіх памяшканняў на тэрыторыі Менска. Гераін быў замаскаваны ў скрынках з-пад соку», – паведамілі ў СК.
Партыя наркотыкаў была прызначаная для далейшай пастаўкі ў краіны Еўразвязу і Вялікую Брытанію, а Беларусь нібыта выступала ў якасці перавалачнага пункта.