Аптовыя кошты бензіну ў Расеі ўзляцелі да гістарычнага рэкорду
10- 4.08.2025, 18:49
- 6,450
Можа ўзнікнуць дэфіцыт.
Бензін прадаўжае імкліва даражэць на расейскім аптовым рынку, нягледзячы на пастанову ўраду РФ поўнасцю забараніць яго экспарт як мінімум да канца жніўня, паведамляе The Moscow Times.
У панядзелак на Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы кошт Аі-95 паставіў новы гістарычны рэкорд – 70001 рубель за тону. За дзень кошт вырас на 1,18%, а з пачатку года – на 28%.
Бензін «Рэгуляр-92» стаў даражэйшым на 1,18% за дзень і амаль на 30% з пачатку года, а яго кошт на закрыцці гандлю – 66642 рублі за тону – не дацягнуў менш як 5% да абсалютнага максімуму, паказанага ў верасні 2023 года.
Паводле словаў крыніцаў Reuters на паліўным рынку, у жніўні і верасні Расеі пагражае паўтарэнне паўнавартаснага бензінавага крызісу – аналагічнага таму, што здарыўся два гады таму, у 2021 годзе, а таксама ў 2018-м.
«Дзесьці можа ўзнікнуць лакальны дэфіцыт», – сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва. Паводле словаў іншай крыніцы, як і ў пачатку 2024 года, калі буйныя НПЗ усталі праз напады ўкраінскіх дронаў, урад РФ можа звярнуцца па дапамогу да Беларусі. «Рынак запатрабуе цяпер цалкам ручнога кіравання. Паспрабуюць перанесці рамонты (НПЗ), дзе гэта магчыма. Выпуск (аўтабензіну) папросяць нарасціць. (Імпарт) беларусаў заклічуць», – сказаў суразмоўца Reuters.
Паводле словаў крыніцаў агенцтва, сярод прычынаў нястачы бензіну – нястача запасаў у прыватных АЗС, калапс у аэрапортах, праз які людзі сталі больш карыстацца аўтатранспартам, а таксама частыя рамонты НПЗ.
Колькі менавіта вырабляецца ў Расеі паліва, дакладна невядома. Улады яшчэ ў 2024 годзе, пасля налётаў БПЛА на нафтазаводы, засакрэцілі афіцыйную статыстыку выпуску бензіну, а потым – і дызельнага паліва. Паводле ацэнак Reuters, летась аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў краіне адкаціліся да 12-гадовых мінімумаў – 269,9 млн тонаў.
Праблемы з рамонтам НПЗ выкліканыя санкцыямі, расказваў у ліпені, выступаючы ў Радзе Федэрацыі, кіраўнік Мінэнэрга Сяргей Цывілёў. Паводле ягоных словаў, «збоі», якія ўзнікаюць на заводах, звязаныя з праблемамі ў пастаўках абсталявання. Яно трапіла пад еўрапейскія санкцыі ў рамках першага ж пакету за ўварванне ва Украіну – у лютым 2022 года.
«Чаму часам бываюць збоі? Таму што цяпер у тым санкцыйным рэжыме, у якім мы знаходзімся: вось запланавана, скажам, на рамонт умоўна 4 месяцы, а нам нешта затрымалі, нешта недапаставілі», – наракаў Цывілеў.