Тэнісны турнір ATP перанеслі з Бялграда на фоне сваркі Джокавіча з уладамі
3- 4.08.2025, 19:02
- 3,132
Вядомы тэнісіст падтрымаў пратэсты студэнтаў у Сербіі.
Тэнісны турнір катэгорыі 250 у лістападзе пройдзе замест Бялграда ў Афінах на арэне баскетбольнага «Панацінаікас», паведамляецца на сайце Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP).
Спаборніцтвы пройдуць з 2 да 8 лістапада. Афіны прымуць турнір ATP упершыню з 1994 года.
Ліцэнзія на правядзенне гэтага турніру належыць сям'і Новака Джокавіча, якая і прыняла пастанову аб пераносе спаборніцтваў, адзначае сербскае выданне SportKlub. «Нягледзячы на вялікую самаадданасць і намаганні, нам не ўдалося гарантаваць неабходныя ўмовы для правядзення турніру ў запланаваныя тэрміны і ў запланаваным фармаце», – заявілі арганізатары.
Грэцкае выданне SDNA звязвае пастанову аб пераносе турніру з напружанасцю ў стасунках паміж Джокавічам, які падтрымаў пратэсты ў краіне, і прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Mundo Deportivo паказвае, што Джокавіч разглядаў магчымасць праводзіць турнір у Афінах пасля свайго візіту ў Грэцыю ў чэрвені, калі ён сустрэўся з прэм'ер-міністрам Кірыякасам Міцатакісам.
Пратэсты ў Сербіі пачаліся пасля надзвычайнага здарэння на вакзале ў Нові-Садзе, дзе ў лістападзе абрынуўся чыгуначны навес. Загінулі 16 чалавек, у тым ліку шасцігадовая дзяўчынка.
Вучыч абвінаваціў «агентаў краінаў Захаду» ў спробе зладзіць «каляровую рэвалюцыю» з дапамогай студэнтаў і іншых удзельнікаў пратэстаў.
Джокавіч зімой з'яўляўся на баскетбольнай гульні ў талстоўцы з надпісам «Студэнты – чэмпіёны», публікаваў у сацсетках фатаграфію з пратэстаў і пісаў імя пацярпелай падчас мітынгу студэнткі на камеры пасля матчу.