Amnesty International заклікае Польшчу спрасціць легалізацыю беларусаў
- 4.08.2025, 19:32
- 3,260
Міжнародная праваабарончая арганізацыя просіць улады краіны зрабіць праязны дакумент для беларусаў трохгадовым.
Спрасціць легалізацыю ў Польшчы для беларусаў заклікае міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Адна з рэкамендацый – падоўжыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента для замежнікаў з аднаго да трох гадоў, паведамляе Беларуская служба «Польскага радыё».
Праваабаронцы нагадваюць, што многія беларусы на эміграцыі пасля ўказу Лукашэнкі апынуліся без дзейных дакументаў і стаяць перад выбарам: вярнуцца ў Беларусь з рызыкай трапіць пад затрыманні або заставацца ў Польшчы без статусу.
«Людзі без дакументаў не могуць працаваць, пайсці да лекара ці нават узяць шлюб. Гэта жыццё ў прававым вакууме. Са жніўня ініцыятыва распачынае кампанію на карысць беларусаў у Польшчы. Адна з рэкамендацый – падоўжыць польскі дакумент падарожжа для беларусаў мінімум да трох гадоў», – каментуе сітуацыю праваабаронца Amnesty International Poland Іяана Расткоўска.
Паводле ейных словаў, арганізацыя звярнулася да МЗС Польшчы з просьбай распрацаваць дакументы для легалізацыі народжаных у Польшчы дзяцей грамадзянаў Беларусі. Цяпер такія дзеці фактычна не маюць дзяржаўнай прыналежнасці, падкрэслівае Расткоўска.