Як Мелання Трамп гадамі ўплывала на пастановы мужа ў знешняй палітыцы
3- 4.08.2025, 19:37
- 6,728
ФОТА: DENNIS VAN TINE / ZUMA / GLOBALLOOKPRESS.COM
Выданне The Telegraph апавяло пра «ціхую сілу».
Жонка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Мелання згуляла ключавую ролю ў пастанове нанесці авіяўдары па Сірыі падчас ягонага першага тэрміну. Пра гэта 4 жніўня напісала The Telegraph.
Паводле звестак выдання, першую лэдзі ЗША ўразілі відэа з кадрамі дзяцей пры смерці ў Хан-Шэйхуне пасля хімічнай атакі з боку рэжыму тагачаснага кіраўніка Сірыі Башара Асада ў 2017 годзе, і менавіта яна паўплывала на пастанову мужа адмовіцца ад перадвыбарнага абяцання не ўмешвацца ў сірыйскую грамадзянскую вайну. Трамп запусціў 59 крылатых ракетаў Tomahawk з Міжземнага мора па ўрадавай авіябазе ў Сірыі.
Суразмоўца выдання, былы супрацоўнік Белага дому, выказаў меркаванне, што яна рэагуе на чалавечыя пакуты як маці, без палітычнага фільтра ці стратэгічнага падыходу, і дзеліцца гэтым з мужам.
Нядаўна, вяртаючыся з паездкі ў Шатландыю, Трамп паведаміў The Telegraph, што абмяркоўваў з жонкай вобразы галадоўнікаў у Газе. Яна называе гэта жахлівым, адзначыў Трамп.
Выданне таксама згадвае размову Трампа з жонкай наконт вайны РФ супраць Украіны. Трамп тады сказаў, што правёў «добрую размову» з Уладзімірам Пуціным. Мелання адказала на гэта, што РФ толькі што абстраляла яшчэ адзін украінскі горад.
Гэта адразу ж зрабіла яе гераіняй ва Украіне, гаворыцца ў публікацыі. Яе празвалі «Агент Мелання Трампенка» і хутка распаўсюдзіліся мемы з выявай украінскай сімволікі на яе адзенні.
Жонка Трампа паводзіла сябе стрымана падчас другога тэрміну свайго мужа і рэдка з'яўлялася на публіцы, што выклікала пытанні, ці застаецца яна першай лэдзі. Але яе ўплыў можна заўважыць у палітыцы Трампа, гаворыцца ў публікацыі, і інсайдары называюць яе «ціхай сілай», якая стаіць за больш жорсткай пазіцыяй прэзідэнта ў дачыненні да Расеі.
Прафесарка гісторыі ва Універсітэце Агаё і экспертка ў ролі першых лэдзі Кэтрын Джэлісан заявіла, што місіс Трамп выконвае сваю ролю нетрадыцыйным чынам, адпрэчваючы традыцыйную ролю простага з'яўлення побач з мужам на публічных мерапрыемствах. Магчыма, яна сапраўды больш уплывае на меркаванне мужа ў розных пытаннях, чым можа падацца шырокай публіцы, сказала яна.