Падатковая і міграцыйныя службы праверылі Зыбіцкую
5- 4.08.2025, 19:40
- 5,552
Правяральнікі арганізавалі кантрольны закуп на самай тусовачнай вуліцы Менска.
У пятнічны вечар 1 жніўня падаткавікі і міграцыйная служба надумалі прайсціся па ўстановах на Зыбіцкай – з праверкай. Падрабязнасці прыводзіць управа аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі МПЗ Менска.
Кантрольны закуп наладзілі ў дзвюх установах на Зыбіцкай. Яго надумалі правесці, каб праверыць, ці няма парушэнняў у прыёме грошай гатоўкай. А яны былі.
У інспекцыі МПЗ паабяцалі падрабязна вывучыць усе праблемныя пытанні, іх было нямала: выкарыстанне касавага абсталявання і прыём сродкаў гатоўкай, адлюстраванне выручкі ў падатковай справаздачнасці, заробак «у канвертах», набыццё прадукцыі не паводле правілаў.
Знайшлі таксама кухара-замежніка, які не меў неабходных дазвольных дакументаў на працу ў краіне. А яшчэ ніводзін з супрацоўнікаў гэтай установы не змог пацвердзіць афіцыйнае працаўладкаванне.
Асабліва жорсткі кантроль
Падатковыя органы раней назвалі самыя кантраляваныя сферы – гэта таксі, медпаслугі, інтэрнэт, рыэлтарскія паслугі, гульнявы бізнэс, зварот алкаголю і тытунёвых вырабаў і іншыя.
У цэлым беларускія прадпрымальнікі закон парушаюць нячаста.
Сярод самых распаўсюджаных схемаў падману – утойванне падаткаабкладанай базы, неабгрунтаваныя выдаткі, напрыклад прыборка снегу, калі яго няма, драбненне бізнэсу, стварэнне новай юрыдычнай асобы або філіяла кампаніі, вылучэнне льготаў без неабходных прычынаў.
Многія падаткаплацельнікі могуць выкарыстоўваць не адзін, а два і больш варыянты адыходу ад абавязковых выплатаў.