Як правільна захоўваць цвёрды сыр
6- 4.08.2025, 20:04
- 10,606
Большасць робіць гэта няправільна.
Правільнае захоўванне сыру можа падоўжыць яго свежасць і захаваць смак – але большасць робіць гэта няправільна.
Брытанская экспертка ў гігіене харчовых прадуктаў Сара Тэйлар тлумачыць, чаму звычка заварочваць сыр у харчовую плёнку можа нашкодзіць і як рабіць лепш, піша Express.co.uk.
Сыр – прадукт «жывы», і яму неабходнае паветра. Калі яго шчыльна абгортваюць плёнкай, ён пазбаўляецца кіслароду, у выніку чаго можа пачаць псавацца: цвёрдыя гатункі становяцца ліпкімі ці тлустымі, мяккія – страчваюць структуру. «Кожнаму віду сыру патрэбныя свае ўмовы захоўвання», – падкрэслівае Тэйлар.
Паводле ейных словаў, цвёрдыя гатункі, напрыклад пармезан, утрымліваюць мала вільгаці, а значыць, менш схільныя да бактэрыяльнага росту. Іх сапраўды можна абгортваць у харчовую плёнку. А вось мяккія сыры накшталт бры або камамберу з высокім утрыманнем вільгаці маюць патрэбу ў дыханні. Калі іх шчыльна загарнуць, усярэдзіне можа назапашвацца аміяк, які сапсуе смак.
Аптымальна мяккія сыры заварочваць у ваксаваную паперу ці пергамент, пасля чаго змясціць у герметычны кантэйнер. Для самых «капрызных» гатункаў Тэйлар раіць класці ўнутр кантэйнера вільготны папяровы ручнік – ён дапаможа падтрымліваць патрэбную вільготнасць.
Захоўваць сыр найлепш у глыбіні лядоўні, дзе тэмпература найбольш стабільная. Дзверцы – не найлепшы варыянт: сталыя перапады тэмпературы паскараюць псуту. Кантэйнер жа дапамагае не толькі захаваць смак, але і ўтрымаць пах, які часта запаўняе ўвесь халадзільнік.