«Ценевы флот» Пуціна пазбавяць сцягоў Панамы
1- 4.08.2025, 20:46
- 3,700
Захады панамскіх уладаў закрануць істотную частку ценевага флоту Крамля.
Улады Панамы абвясцілі пра ўзмацненне жорсткасці палітыкі рэгістрацыі камерцыйных караблёў для барацьбы з «ценевым флотам».
Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на заяву Марской адміністрацыі Панамы (Panama Maritime Authority, PMA), са жніўня ў краіне спыніцца рэгістрацыя нафтавых танкераў узростам старэйшым за 15 гадоў.
Акрамя гэтага, кожныя тры месяцы PMA будзе праводзіць дадатковыя праверкі на прадмет захавання сертыфікацыйных патрабаванняў да караблёў, якія ходзяць пад сцягам Панамы – другога найбуйнейшага ў свеце рэгістратара камерцыйных караблёў.
Захады панамскіх уладаў закрануць істотную частку ценевага флоту Крамля, які, паводле ацэнак Dryad Global, да пачатку 2025 года налічваў блізу 600 судоў і павялічыўся ў 6 разоў за час вайны ва Украіне.
Сярэдні ўзрост танкераў, якія возяць расейскую нафту ў абыход санкцый, складае 20–25 гадоў, што амаль у два разы вышэй за паказнік для аналагічных караблёў ва ўсім свеце (13 гадоў).
Сама менш траціна з «ценевых» танкераў Расеі – гэта караблі ўзростам большым за 20 гадоў, ацэньваюць эксперты фінскага цэнтра СREA. Часцяком гэта танкеры, прызначаныя да спісання на металалом, якія расейскія кампаніі скуплялі ў заходніх суднаўладальнікаў, у тым ліку грэцкіх суднавых магнатаў.
Як правіла, у такіх танкераў адсутнічае страхоўка на ўмовах «абарона і кампенсацыя». А гэта значыць, што ў выпадку магчымай аварыі, у тым ліку з разлівам нафты, выдаткі на ліквідацыю наступстваў давядзецца панесці краінам, у чыіх водах адбылася катастрофа, паказваюць у CREA.
Пасля шматлікіх санкцыйных пакетаў у «чорныя спісы» ЗША, Еўразвязу і Брытаніі патрапілі больш за 400 танкераў – а гэта палова ад агульнага дэдвейту расейскага «ценевага флоту», ацэньваюць эксперты Інстытута энэргетыкі і фінансаў.
Большая частка гэтых караблёў сапраўды «выключаная» з марскога гандлю нафтай, падкрэсліваюць у ІЭФ. На аб'ёмы экспарту, зрэшты, гэта пакуль не ўплывае, паколькі расейскія гатункі каштуюць танней за коштавую столь краінаў G7 ($60 за бараль) – а гэта значыць, што іх могуць вазіць заходнія танкерныя кампаніі.
Паводле звестак CREA, у чэрвені ў агульнай колькасці 435 танкераў вывозілі нафту з расейскіх партоў. З іх да ценевага флоту адносіліся 153.