Індыя адказала Трампу на абвінавачанні ў набыцці нафты ў Расеі
35- 4.08.2025, 21:22
- 18,086
Нью-Дэлі папракнуў Захад у гандлі з РФ.
Індыя ў тым ліку праз дзеянні Захаду вымушаная набываць нафту ў Расеі і цяпер церпіць крытыку за гэта, пры гэтым краіны-крытыкі таксама імпартуюць тавары з Расеі, гаворыцца ў заяве індыйскага МЗС.
«Характэрна, што тыя самыя краіны, якія крытыкуюць Індыю, самі прадаўжаюць гандляваць з Расеяй. У адрозненне ад нашага выпадку, іх гандаль не прадыктаваны жыццёва важнай нацыянальнай неабходнасцю», – адзначыла ўстанова ў паведамленні ў Х.
Набыццё расейскай нафты Нью-Дэлі патлумачыў тым, што пасля пачатку вайны ва Украіне традыцыйныя пастаўшчыкі перанакіравалі сваю нафту ў Еўропу. «У той перыяд ЗША актыўна заахвочвалі такое набыццё Індыяй для ўмацавання стабільнасці глабальных энэргетычных рынкаў», – указаў МЗС Індыі.
Пры гэтым індыйскі ўрад з дапамогай такіх закупак імкнецца забяспечыць «стабільныя і даступныя кошты энэрганосьбітаў» для сваіх спажыўцоў.
Індыя адзначыла, што ЕЗ прадаўжае набываць у Расеі энэрганосьбіты, угнаенні, металургічную прадукцыю і г.д., а ЗША – таксама ўгнаенні, хімічныя рэчывы, гексафтарыд урану для атамнай прамысловасці і г.д.
«Крытыка на адрас Індыі з'яўляецца неабгрунтаванай і несправядлівай. Як і любая буйная эканоміка, Індыя будзе ўжываць усе неабходныя захады для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў і эканамічнай бяспекі», – сказаў на заканчэнне МЗС краіны.
Заява была апублікаваная пасля таго, як амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп прыгразіў Індыі павышэннем мытаў, бо яна не проста набыае расейскую нафту, але здабывае прыбытак ад яе перапродажу. Наколькі будуць павялічаныя мыты, ён не ўдакладніў. Паводле заявы Белага дому ад 1 жніўня, у дачыненні да Індыі ЗША хочуць увесці тарыф 25%.
Але за набыццё нафты ў Расеі індыйскаму боку можа пагражаць мыта 100% і нават 500% пры пастаўцы тавараў у ЗША. Трамп паставіў ультыматум Маскве, паводле якога калі перамір'е на Украіне не будзе дасягнутае да 8 жніўня, будуць уведзеныя такога кшталту другасныя санкцыі.